У Нямеччыне прапанавалі ЗША і ЕЗ блакаваць караблі РФ за марскі канфлікт з Украінай
4- 30.11.2018, 20:46
- 20,929
Пра гэта заявіла паплечніца канцлеркі Нямеччыны Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр, якую называюць адным з яе імаверных пераемнікаў.
ЗША і Еўразвяз павінны разгледзець пытанне закрыцця сваіх партоў для расейскіх суднаў, якія ідуць з Азоўскага мора.
Пра гэта 30 лістапада ў Бэрліне (Нямеччына) заявіла генеральны сакратар нямецкай партыі «Хрысціянска-дэмакратычны саюз» Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр, паведамляе gordonua.com са спасылкай на Reuters.
Такія дзеянні павінны стаць адказам на захоп Расеяй украінскіх вайсковых караблёў у Чорным моры, адзначае палітык.
Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр адзначыла, што такія меры павінны дзейнічаць датуль, пакуль сітуацыя з Украінай не вырашыцца.
25 лістапада РФ абстраляла і захапіла ў Чорным моры катэры ўкраінскіх ВМС «Бердзянск» і «Нікапаль», а таксама буксір «Яны Капу», якія збіраліся прайсці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. З 24 захопленых украінцаў трое атрымалі раненні.
ФСБ распачало супраць украінскіх вайскоўцаў крымінальную справу паводле артыкула Крымінальнага кодэкса РФ аб незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. 27-га і 28 лістапада «судны» ў Керчы і Сімферопалі прынялі пастанову ўзяць пад варту ўкраінскіх маракоў.
30 лістапада «ўпаўнаважаная ў правах чалавека» ў анэксаваным Крыме Людміла Лубіна заявіла, што ўсіх ўкраінскіх маракоў перавезлі ў Маскву. Траіх маракоў змясцілі ў шпіталь СІЗА «Матроская цішыня», астатніх даставілі ў СІЗА «Лефортава».
ЗША асудзілі дзеянні Расеі, назваўшы іх праявай агрэсіі, Еўразвяз выказаў заклапочанасць прымяненнем сілы з боку РФ. Заявы з патрабаваннем вызваліць украінскіх маракоў апублікавалі таксама NATO і АБСЕ.