26 траўня 2019, Нядзеля, 19:35
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Працаўнікам аднаго з менскіх заводаў 3 месяцы не плацілі заробак

10

Чаму на заводзе такія затрымкі ў заробку і як людзі столькі часу жылі без грошай.

«Нам некалькі месяцаў не плацяць заробак! У чэрвені далі па 300 рублёў, з таго часу ні капейкі», - паскардзіўся ў рэдакцыю tut.by адзін з супрацоўнікаў Менскага заводу аўтаматычных ліній імя Машэрава. Яго словы пацвердзілі яшчэ некалькі чалавек, якія працуюць на прадпрыемстве. Праз некалькі дзён кіраўніцтва выплаціла працаўнікам частку запазычанасці, астатняе абяцаюць аддаць да 20 лістапада. Журналісты даведаліся, чаму на заводзе такія затрымкі ў заробках і як людзі столькі часу жылі без грошай.

Работнікам Менскага завода аўтаматычных ліній імя Машэрава з чэрвеня не плацілі заробак.

- За чэрвень усім пералічылі па 300 рублёў. З таго часу ні капейкі. Дырэктар перыядычна збірае ўсіх, просіць пачакаць. Усе спадзяюцца, што хутка атрымаюць грошы, а потым зноў нічога не даюць, - абмалёўваў сітуацыю, якая склалася адзін з працаўнікоў прадпрыемства. - І гэта не адзіная праблема. У нас у цэхах перыядычна адключаюць электрычнасць. Мы проста сядзім і нічога не робім, чакаем, пакуль уключаць. Акрамя таго, у памяшканнях вельмі холадна, таму што няма ацяплення. У сістэме нейкая непаладка. Каб яе ліквідаваць, патрэбныя грошы, а грошай няма, таму што няма замоў.

Са слоў работніка прадпрыемства, яго калегі ўжо звярталіся з гэтай нагоды ў прафзвяз. Аднак усё безвынікова.

Мужчына кажа, што, праз затрымкі ў заробку некаторыя работнікі звольніліся.

- Некаторыя хацелі звольніцца, але іх упрасілі застацца, - працягвае работнік завода. - А як людзям жыць без грошай? Ёсць студэнты ў нас, у іх стыпендыя - гэта хоць маленькія, але ўсё ж грошы. Некаторыя працуюць не толькі на заводзе, але і яшчэ недзе падзарабляюць - таксама можна неяк выкруціцца. Пенсіянеры ёсць - у іх акрамя заробку пенсія. А астатнім рабіць што? Людзі крэдыты бяруць, каб жыць, авердрафт.

Журналісты пагаварылі з яшчэ некалькімі работнікамі прадпрыемства. Яны пацвердзілі, што ім затрымлівалі заробак на некалькі месяцаў. Але 26 кастрычніка частку грошай ўсё ж такі выплацілі.

- Мне практычна ўсю суму запазычанасці ўжо выдалі, - сказала жанчына, якая працуе на заводзе.

- Мне таксама далі заробак. Праўда, не ўсе грошы, што павінны былі. Пералічылі па 350 рублёў за кожны месяц, які запазычылі. Натуральна заробкі ў людзей большыя, чым гэта сума, - распавёў яшчэ адзін працаўнік завода.

Журналісты звярнуліся да кіраўніцтва ААТ «Менскі завод аўтаматычных ліній імя П.М. Машэрава». Намеснік дырэктара завода Ягор Жураў патлумачыў затрымкі ў заробках цяжкім фінансавым становішчам прадпрыемства.

- Кіраўніцтвам завода прымаюцца ўсе магчымыя захады, каб выйсці з сітуацыі, якая склалася, - каментуе Ягор Жураў. - 26 кастрычніка заробак за ліпень - верасень работнікам быў часткова выплачаны. Блізу 40% работнікаў атрымалі заробак цалкам. Астатнім мы выплацілі па 1,5 бюджэту пражытачнага мінімуму за кожны месяц запазычанасці. Гэта 355 рублёў памножыць на 3, выходзіць па 1065 рублёў. Астатнюю частку заробку, якая складае 28% ад налічанага фонду заробкаў, кіраўніцтва плануе выплаціць да 20 лістапада.