19 снежня 2018, Серада, 1:17
Дзякую вам
Рубрыкі

«Я цяпер на ўроку»: завуч з відэа пра «загон» у БРСМ прадаўжае працаваць

30

Інэса Ахрамовіч адсутнічала ў гімназіі толькі два дні.

Намесніца дырэктара гімназіі № 31 Інэса Ахрамовіч адсутнічала на працы некалькі дзён, аднак у канцы мінулага тыдня вярнулася да выканання сваіх абавязкаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Чуткі аб магчымым звальненні намесніцы дырэктара ў выхаваўчай рабоце гімназіі №31 Інэсы Ахрамовіч з'явіліся на наступны дзень пасля публікацыі відэазапісу аб уступленні ў шэрагі БРСМ вучняў гімназіі. Відэа сталася вірусным і за некалькі дзён набрала сотні тысяч праглядаў на розных платформах.

Неўзабаве пасля публікацыі карыстальнікі сацсетак пачалі пісаць, што голас завуча на запісе вельмі падобны на голас намесніцы дырэктара гімназіі №31 Інэсы Ахрамовіч. Сама Ахрамовіч у гутарцы з журналістамі на наступны дзень пасля публікацыі відэазапісу сказала, што знаходзіцца на размове ў аддзеле адукацыі Менгарвыканкама.

Тое, што голас з відэазапісу можа належаць Інэсе Ахрамовіч, журналістам пацвердзілі адразу некалькі крыніц, у тым ліку вучні гімназіі №31 і іх бацькі.

У сваю чаргу, Мінадукацыі апублікавала афіцыйнае паведамленне з нагоды роліка пра «загон» у БРСМ. На думку чыноўнікаў, змест відэароліка выклікае шмат пытанняў. Таму чыноўнікі не збіраюцца расследаваць сітуацыю.

«Пры тым не зразумелае ні паходжанне роліка, ні тое, ці мела такая сітуацыя месца ў рэчаіснасці, ці гэта чарговая хлуслівая пастаноўка», - было напісана на сайце міністэрства.

Ва ўправе адукацыі Менгарвыканкама журналістам таксама не змаглі пракаментаваць інфармацыю аб магчымым звальненні Інэсы Ахрамовіч з пасады намесніцы дырэктара 31-й гімназіі.

Кароткі каментар з гэтай нагоды дала 9 лістапада сама завуч. «Я цяпер на ўроку, - сказала Інэса Ахрамовіч. - Не магу з вамі размаўляць».

Як стала вядома, пасля публікацыі скандальнага відэа Інэса Ахрамовіч адсутнічала ў гімназіі два дні. «Усе думалі, што яе звольняць, былі перакананыя ў гэтым, - сказала маці адной з вучаніц. - Аднак праз два дні яна вярнулася, і цяпер прадаўжае працаваць, як ні ў чым не бывала».

Кіраўніцтва гімназіі №31 сітуацыю са скандальным відэа не каментуе.