26 красавiка 2019, Пятніца, 15:44
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

«Белнафтахім»: Кошты паліва ў Беларусі будуць павышацца

10

Падатковы манеўр РФ пагоршыць сітуацыю з коштамі бензіну.

Цяперашнія кошты паліва ў Беларусі будуць павышацца, бо пакуль не дазваляюць кампенсаваць выдаткі на куплю нафты. Пра гэта БелТА заявіў намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў.

Са слоў Сізова, кошт нафты сёлета вырас больш, чым кошт аўтамабільнага паліва ў Беларусі. Сукупнасць росту коштаў на сыравіну на сусветных рынках і змяненне курсу нацыянальнай валюты прывяла да росту фінансавай нагрузкі на нафтаперапрацоўку.

«Вы бачыце стратэгію - плаўнае падвышэнне на 1 капейку. Некаторыя крытыкуюць канцэрн «Белнафтахім» за рост коштаў на АЗС. Хачу звярнуць увагу, што ў гэтым выпадку канцэрн дзейнічае на баку спажыўца, абмяжоўваючы рост коштаў значна больш нізкім узроўнем, чым гэта неабходна НПЗ для вядзення рэнтабельнай вытворчай дзейнасці і мадэрнізацыі», - адзначыў намеснік старшыні канцэрна.

Сізоў падкрэсліў, што канцэрн будзе трымацца «эвалюцыйнай стратэгіі змены коштаў паліва, не робячы рэзкіх крокаў і не перакладаючы цалкам усе праблемы на спажыўца». Што тычыцца перспектыў далейшага павышэння коштаў, то сітуацыя будзе залежаць ад стану НПЗ.

«Пакуль мы не бачым, што дасягнулі таго ўзроўню коштаў, які дазваляе кампенсаваць выдаткі на куплю нафты, якія ўзраслі. Больш за тое, трэба разумець, што анансаваны падатковы манеўр будзе яшчэ больш пагаршаць сітуацыю», - рэзюмаваў намеснік старшыні «Белнафтахіма».

Кошты паліва ў Беларусі мяняліся дваццаць два разы з пачатку года.