22 лютага 2019, Пятніца, 12:20
Заклік Рады БНР
Рубрыкі

База «дармаедаў»: пакажы кішэнь

131

Для чыноўнікаў трэба абвесціць татальны байкот.

З 1 снежня ў Беларусі пачала дзейнічаць база звестак «дармаедаў». У яе, згодна з дэкрэтам Лукашэнкі №1, трапілі беларусы, якім з 2019 года давядзецца цалкам аплачваць камунальныя паслугі.

Любому беларусу, каб даведацца, «дармаед» ён ці не, трэба прыйсці ў «адно акно» і даць свае пашпартныя звесткі ў абмен на пароль. Альбо заплаціць 61 рубель за электронны подпіс – і таксама атрымаць доступ да базы.

Што рабіць у гэтай новай сітуацыі грамадзянам краіны? На пытанні Charter97.org адказвае грамадская актывістка з Віцебска, каардынатарка аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец.

– Як Вы пракаментуеце той факт, што ад сёння кожны беларус можа знайсці сябе ў базе «дармаедаў»?

– Ведаеце, рана ці позна такі дзень «Х» павінен быў наступіць. Бо мы жывем у пэўнага кшталту палітычным Залюстроўі, дзе ўсё перакулена дагары нагамі. Не здзіўлюся, што калі-небудзь, у дзень уступлення ў сілу чарговага дэкрэта Лукашэнкі, я вызірну ў акно і ўбачу, што дрэвы растуць каранямі ўгору. Дэкрэт аб «дармаедах» робіць з Беларусі такое вось Залюстроўе.

Лукашэнка, напэўна, мяркуе нормай хадзіць на галаве і гэтую логіку ўжывае ў дачыненні да эканомікі і ўсяго грамадства. Замест таго, каб ствараць умовы для прафесійнага развіцця людзей і даваць ім працоўныя месцы, іх, па-першае, вымушаюць з'язджаць з краіны. Па-другое, тых, хто не змог паехаць, бяруць тут у закладнікі. Вось з такой мэтай і стваралася база «дармаедаў». Уладам проста патрэбны быў зручны, які знаходзіцца пад рукой, спіс закладнікаў.

– Якой можа быць рэакцыя чалавека, які знайшоў сябе ў «чорным спісе» не занятых у эканоміцы?

– Думаю, што для людзей, якія туды патрапілі, гэта стане шокам. Тым больш, што ў адрозненне ад 2017 года, цяпер шмат каго не папярэдзілі «лістамі шчасця», яны прыходзілі толькі жыхарам у асобных гарадах.

А потым улады будуць сарамліва канстатаваць, што ў Беларусі расце колькасць ад’ездаў за мяжу і суіцыдаў.

Не пабаюся гэтага сказаць, але да ўлады ў краіне прыйшлі сапраўдныя варвары. Яны працуюць рука ў руку з самымі адыёзнымі прадстаўнікамі «расейскага свету». Тыя сцвярджаюць, што няма такой нацыі, як беларусы, а нашы дапамагаюць іх тэзісам, праводзячы замаскаваны генацыд беларускага народа. У тым ліку і з дапамогай комплексу захадаў, прадугледжаных дэкрэтам аб «дармаедах».

Кіраўніцтва краіны за 25 гадоў паказала сябе настолькі няздатным, што ў іх дзеяннях ужо нічога не здзіўляе. Але з нагоды базы «дармаедаў» хочацца асобна сказаць: вам тоўстая «двойка».

Пагарду народа цяжка змыць. Не дапаможа тут нават медаль, уручаны нядаўна аўтару. Хоць, вядома, у яго больш шырокае кола аўтараў. У тым ліку і той чалавек, які нядаўна заявіў, што для беларусаў не павінна быць альтэрнатывы. Вядома, якая можа быць альтэрнатыва, калі для «прыкорытнікаў» – усё, а для астатніх – падвышаная камуналка. І гэта, магчыма, не апошняе, што чакае няшчасных, якія трапілі ў базу «дармаедаў».

– Чыноўнікі ў выканкамах будуць мець неабмежаваны доступ да гэтай базы. Да чаго гэта можа прывесці?

– Вельмі хацелася б ведаць, хто канкрэтна мае дачыненне да стварэння базы «дармаедаў». Бо гэта вельмі шырокае кола асобаў – чыноўнікі рознага рангу, дзяржслужбоўцы з рэгіёнаў, адміністрацыя школаў і гэтак далей. І цяпер усе яны ўрываюцца ў наша прыватнае жыццё і прэтэндуюць на нашу асабістую інфармацыю.

Гэта тое самае, як калі чыноўнік падыдзе да любога на вуліцы і скажа: пакажы, шаноўны, кішэнь, я хачу ведаць, што ты там ад мяне яшчэ схаваў.

Сёння, першага снежня, дзяржава перайшла вось гэтую рысу, якая аддзяляе звычайную цікаўнасць ад вулічнага рабавання.

Я проста чакаю, што тыя людзі, з якіх так адкрыта здзекуюцца, адправяць усіх гэтых дапытлівых туды, дзе ім варта знаходзіцца.

Спадзяюся, што ніхто не будзе нікуды хадзіць, нічога плаціць і проста не пусціць чыноўнікаў на свой парог.

– Што Вы параілі б беларусам рабіць для скасавання дэкрэта аб «дармаедах» і створанай для яго базы звестак?

– Супраціў. Татальны байкот. Байкатаваць усіх – пачынаючы ад Лукашэнкі з ягонымі пастановамі і заканчваючы тымі, хто ў «адным акне» будзе выдаваць даведкі пра «дармаедства». Усім гэтым установам – поўны байкот. Давайце пакажам ім вялікую-вялікую дулю.

– А як канкрэтна гэта можна зрабіць?

– Пайсці ўсім да і выканкамаў і іншых «гняздоўяў чыноўнікаў» і сказаць... Не, нават не сказаць, а зрабіць. Прычым не ўсім асобна, у рэгіёнах, а разам. Сабрацца ўсім у Менску...

– І?

– І пачаць мяняць гэтую ўладу. Яе трэба мяняць. Далей ужо – проста немагчыма. Калі выйдзе дзве, пяць і нават 10 тысячаў – нічога не адбудзецца. А вось калі выйдзе 100 тысячаў і больш – тады ўжо зусім іншая справа.

Я і мае дзеці заўсёды былі ў шэрагах пратэстоўцаў. Мы заўсёды адчувалі сябе гаспадарамі на сваёй зямлі. І калі людзі выйдуць супраць новага дэкрэта аб «дармаедах», я зноў буду з імі.