26 красавiка 2024, Пятніца, 11:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Кабанаў: Чаго баяцца, калі здымаюць апошнія штаны?

8
Аляксандр Кабанаў: Чаго баяцца, калі здымаюць апошнія штаны?
АЛЯКСАНДР КАБАНАЎ

Людзі зразумелі, што выхад на плошчу – адзіны спосаб чагосьці дамагчыся.

Актывіст і блогер, адзін з актыўных удзельнікаў пратэстаў супраць дэкрэта аб «дармаедстве» Аляксандр Кабанаў даў сваю ацэнку дэкрэту №1 у інтэрв'ю «БелГазеце».

– Першая спроба рэалізаваць дэкрэт аб «дармаедстве» выклікала масавыя пратэсты насельніцтва зімой-вясной 2017 г. Цяпер улады робяць другую спробу ажыццявіць свае планы. Як змяніліся настроі ў рэгіёнах сёння ў параўнанні з пачаткам мінулага года?

– Дэкрэт аб «дармаедстве» прыняты ў красавіку 2015 г., але год не працаваў. Людзей гэты дэкрэт не турбаваў. Але як толькі пачалі прыходзіць «лісты шчасця», калі людзям запусцілі руку ў кішэню, толькі тады пачаліся масавыя пратэсты.

Аналагічная сітуацыя назіраецца і цяпер: база створаная, як і мінулы раз, людзі пакуль не звяртаюць увагі на абноўлены дэкрэт. Але як толькі прыйдуць першыя жыроўкі, калі людзі ўбачаць, што за гарачую ваду трэба плаціць у 5 разоў даражэй (звяртаю ўвагу: гаворка не пра 100-адсоткавую аплату, а пра 5-разовы рост кошту на гарачую ваду – кошт паслуг ЖКГ у краіне трымаецца ў таямніцы), – абыякавасць скончыцца. Як з'явіўся гэты 5-разовы рост? На маю думку, чыноўнікі падлічылі, колькі не хапае ў бюджэце, і пастанавілі за кошт грамадзянаў закрыць ўтвораныя дзіркі.

Хто яны, 500 тыс. чалавек, якія не былі занятыя ў эканоміцы? Людзі, якія не працуюць. Дык дзе беспрацоўныя возьмуць шалёныя грошы на аплату камунальных паслуг? А калі чалавек усё ж працуе, то ў любым выпадку ён ходзіць у краму, набывае рэчы, плаціць падаткі – у любым выпадку ўдзельнічае ў фармаванні бюджэту, удзельнічае ў эканоміцы. Сітуацыя на самай справе вар'яцкая.

– Пры рэалізацыі першага дэкрэта частка народа супольна пайшла і заплаціла «дармаедскі падатак». Сёння пойдуць?

– Сёння ўсё значна горш. Прыходзяць жыроўкі – людзі абавязаныя іх аплачваць альбо праз месяц-два пачнуць адключаць ваду. Калі кватэра прыватызаваная – пойдуць судовыя выканаўцы, стануць апісваць маёмасць, калі не прыватызаваная – людзей будуць выганяць проста на вуліцу.

Чаму Лукашэнка публічна паспрачаўся з Пуціным пра кошты на газ? З фінансамі ў краіне вялікая праблема, а Расея, падобна, не збіраецца надалей датаваць беларускі эканамічны цуд. Людзі галеюць, а рост коштаў, падобна, непазбежны: вось Белнафтахім капейчына за капейчынай у месяц – і за год павялічыў кошт на бензін на 20 капеек. Незадаволенасць людзей расце на ўсіх франтах, а ўлада (ствараецца адчуванне) робіць усё, каб толькі ўзмацніць іхнюю незадаволенасць.

– Камісіі закліканыя спрыяць працаўладкаванню грамадзянаў. Людзі пайшлі ў выканкамы?

– Пераважна пайшлі людзі, якія пастанавілі паскардзіцца на сваё становішча. Праца ёсць – чаго хаваць? І ў рэгіёнах праца ёсць. Але давайце паглядзім на прапанаваныя заробкі: BYN 200–300, вельмі рэдка – 400. А як на гэтыя грошы пражыць: заплаціць камуналку, абуць-апрануць дзяцей, пракарміць іх? Калі б выканкамы гарантавалі грамадзянам працу з заробкам у BYN 1тыс., які абяцаюць ужо гадоў дзесяць, – туды ламануліся б натоўпы.

А цяпер усё наадварот. Прыходзіць чалавек з вышэйшай адукацыяй у выканкам і заяўляе, што хоча працаваць паводле спецыяльнасці. А яму ўкормленыя чыноўніцкія пысы апавядаюць, як «усім цяжка».

Гэтыя камісіі ў прынцыпе – прыніжэнне чалавечай годнасці. Навошта яны створаныя, калі існуюць управы занятасці насельніцтва – яны дублююць адна адну; і там сядзяць дармаеды, і там.

– Улады абяцаюць людзям «у складанай жыццёвай сітуацыі» матэрыяльную дапамогу. Людзі просяць дапамогі?

– Я не ведаю такіх выпадкаў. Большасць спецыялістаў папросту з'ехала і працаўладкавалася за мяжой: у Расеі, але больш за ўсё ў Польшчы, у краінах Балтыі. Ведаю, што краіны Балтыі перажываюць будаўнічы бум, таму там вельмі шмат нашых будаўнікоў, якія адчыняюць свае фірмы. І зарабляюць у сярэднім 1000–1200 еўраў. Ці зможа нешта падобнае прапанаваць беларуская ўлада?

– Людзі папросту ўцякаюць з «расквітнелай Беларусі» за мяжу?

– Калі меркаваць з Бярозы, то я не магу ўспомніць аднаго-двух будаўнікоў, якія засталіся тут, – з'ехалі ўсе. А гэта сотні людзей.

– Значыць, пратэсты непазбежныя, калі справа дойдзе да рэалізацыі дэкрэта?

– Беларусы асцярожныя, «памяркоўныя», «абыякавыя» да чужых праблемаў. Але калі справа тычыцца непрыхаванай несправядлівасці: большасць людзей проста страцілі працу, іх скарацілі на прадпрыемствах, абяцалі адно – плацяць зусім іншае, і тут яшчэ іх спрабуюць абадраць як ліпку... Народ не стане ўнікаць ва ўсе тонкасці закона, не стане слухаць прапаганду; народ бачыць іншую карцінку: чыноўніка, які патрабуе яшчэ і яшчэ. І тут не застанецца ні палітыкі, ні эканомікі – застанецца голая незадаволенасць.

Людзі зразумелі, што выхад на плошчу – адзіны спосаб чагосьці дамагчыся; колькі было зваротаў, колькі просьбаў – нулявы вынік. Як толькі выйшлі на плошчу – іх пачулі, з'явіўся вынік: выкананне дэкрэта прыпынілі, многім вярнулі грошы. У галаве гэты досвед адпаў, і цяпер людзі ўспомняць яго.

– А ці не пабаяцца?

– А чаго баяцца, калі да вас прыходзяць і здымаюць апошнія штаны? Чаго баяцца ўжо?

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках