26 красавiка 2024, Пятніца, 15:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Пуцін саступае па ўсіх напрамках

25
Андрэй Саннікаў: Пуцін саступае па ўсіх напрамках
Фота: Коммерсант

Якія планы ў Крамля?

Учора ў Берасці прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў увесці ў Беларусі расейскі рубель, адзіную мытню, суд і падліковую палату. Пракаментаваць заяву прэм'ера РФ сайт Charter97.org папрасіў лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава:

– Увогуле гэта досыць сур'ёзная заява і яе варта сур'ёзна разглядаць. Заява Мядзведзева кажа пра тое, што Расея прадаўжае сваю палітыку падпарадкавання Беларусі аж да магчымай інкарпарацыі. Менавіта таму гучаць заявы пра інтэграцыю, "саюзную дзяржаву" і гэтак далей. Варта адзначыць, што да такой сітуацыі краіну давёў Лукашэнка. Адсутнасць эканамічных, палітычных, сацыяльных рэформаў у краіне, а таксама прадаўжэнне палітыкі ўтрымання ўлады робіць Беларусь досыць лёгкай здабычай для Крамля.

– Сёння Лукашэнка адказваў на пытанні расейскіх журналістаў і пераканальнага адказу з ягонага боку на прапанову Мядзведзева не было. Ён сказаў, што трэба выконваць даўно падпісаную дамову пра "саюзную дзяржаву". Ці азначае гэта, што ён будзе рухацца ў тым самым кірунку? Як могуць, на Вашу думку, развівацца падзеі далей?

– Тое, што сёння адбылося – паказальна. Гэта сведчыць нават не пра глупства, а пра нейкую неразважлівасць цяперашняй улады. У спробе абараніцца ад Крамля Лукашэнка звярнуўся да крамлёўскіх журналістаў. Гэта паказальна, таму што ён прадаўжае ўціск прэсы – незалежныя СМІ ў Беларусі практычна зніклі, а праўладная прэса працуе толькі ў рэжыме прапаганды, і дыктатар сам разумее, што гэта ніяк не з'яўляецца ягонай абаронай. Гэта інструмент для абалваньвання насельніцтва, які ўжо нават у гэтым плане не працуе. Таму такая абсурдная сітуацыя. Гэта адчайная спроба абараніцца, якая ні да чаго не прывядзе, а створыць больш небяспекі для незалежнасці Беларусі.

Планы Крамля сур'ёзныя. Асабліва цяпер, калі Пуцін саступае па ўсіх напрамках. Ён прымае абсалютна неэфектыўныя пастановы, якія заганяюць Расею яшчэ ў большую сусветную ізаляцыю. Яму патрэбныя хоць нейкія перамогі.

Расейскі кіраўнік адкладваў у доўгую скрыню стасункі з Беларуссю і персанальныя стасункі з Лукашэнкам, але ён паспрабуе развязаць усе гэта налета. Гэта як пагражае самому Лукашэнку, так і ўяўляе пагрозу незалежнасці Беларусі.

– Што ў сувязі з гэтым павінны рабіць людзі, якія неабыякавыя да лёсу Беларусі?

– Трэба разумець, што адбываецца. Трэба патрабаваць ад уладаў выканання міжнародных абавязальніцтваў, абароны суверэнітэту, чаго можна дасягнуць толькі праз правядзенне свабодных выбараў, калі ўсе сілы Беларусі аб'яднаюцца для абароны незалежнасці. Тады даволі хутка можна будзе пераадолець і палітычны, і эканамічны крызіс.

– Мы з вамі гутарылі пра лініі Беларусь – Расея. Як гэты сігнал варта чытаць прадстаўнікам краінаў Захаду і як рэагаваць?

– Трэба нарэшце прызнаць банкруцтва сваёй палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Прычым не толькі ў дачыненні да Беларусі, але і ў дачыненні да ўсіх аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў. Немагчыма нічога дасягнуць праз умацаванне стасункаў з дыктатарамі і аўтарытарнымі рэжымамі. Толькі падтрымка ў краінах дэмакратычных пераўтварэнняў і сілаў, якія выступаюць за гэтыя пераўтварэнні, можа прынесці вынік. У тым ліку ў плане міжнароднай еўрапейскай бяспекі.

Варта прызнаць, што нічога Еўропа і Захад не дасягнуць з дапамогай Лукашэнкі. Ніякай заслоны крамлёўскай палітыкі на сваіх межах яны не створаць. Яны створаць яшчэ большую напружанасць і небяспеку на сваіх межах. Зразумела, што сітуацыя ў нашай краіне іх не асабліва хвалюе, але іх турбуе ўласная бяспека і ўласная мяжа. На гэта яны і павінны звяртаць увагу.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках