29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Паліенка: Немагчыма змірыцца з сістэмай несправядлівасці і хлусні

2
Зміцер Паліенка: Немагчыма змірыцца з сістэмай несправядлівасці і хлусні
ЗМІЦЕР ПАЛІЕНКА

Былы палітвязень мае намер працягнуць барацьбу.

«Беларускі дакументацыйны цэнтр» пагаварыў з былым палітычным зняволеным і вязнем сумлення Змітром Паліенкам пра ўмовы ўтрымання зняволеных у Бабруйскай калоніі №2.

- Што сабой уяўляе казарма ў калоніі? Якія там ёсць умовы?

- Баракі-казармы - усе розныя. У кожнага атрада свае. Ёсць баракі, ёсць будынкі тыпу інтэрнатаў. Умовы нармальныя. Зняволеныя самі робяць рамонт (за заахвочванне і падзякі ад адміністрацыі калоніі) - гэта ўплывае на ўмоўна-датэрміновае вызваленне і палепшаныя ўмовы ўтрымання (больш пасылак, большы ліміт на атаварванне, больш сустрэч). З мэблі: ложкі-шконкі, табурэткі, лаўкі (у пакоі ПВР, дзе стаіць тэлевізар).

- Колькі чалавек было ў вашым атрадзе?

- У маім атрадзе было блізу 100 чалавек.

- Як Вы ацэньваеце якасць ежы? Ці атрымлівалі вы прадуктовыя перадачы?

- З ежы абед цалкам нармальны, ну а сняданак з вячэрай пакідаў жадаць лепшага. Праблемы з атрыманнем перадач былі, не заўсёды можаш атрымаць яе своечасова (да прыкладу, сядзіш у ШІЗА) - калі на працягу трох дзён ты перадачу не атрымаў - яе адпраўляюць назад. Летам, калі горача, прадукты хутка псуюцца, а перадачу можна атрымаць толькі праз 2-3 дня, праз чаргу.

- Як ставіцца адміністрацыя да вязняў? Ці прымяняе адміністрацыя катаванні?

- Да зняволеных ставяцца абыякава і строга. Напрыклад, ідзём у сталовую, а там сядзіць стары, і ледзь варушыцца. Вяртаемся назад, а ён ужо мёртвы. Адміністрацыя не лічыць зняволеных за людзей. Катаванні ў плане фізічнага ўздзеяння не ўжываюцца. Прынамсі, я гэтага ніколі не бачыў у калоніі. Затое маральна - на ўсе 100. Да прыкладу, асуджаны пабіўся з іншым асуджаным. Ім максімум могуць даць пакаранне да 10 дзён ШІЗА. А яны сядзяць у ізалятары па 70-100 сутак без выхаду. Проста на іх складаюць дадатковыя акты, нібыта за курэнне ці не прывітанне адміністрацыі. Усё, што ім прыйдзе ў галаву.

- Ці наведваў Вас адвакат? Яго пускалі ў калонію без праблем?

- Адвакат мяне наведваў. Ёсць адмысловае месца для сустрэч з адвакатам. Я ж гутарыў з адвакатам праз шкло і тэлефон у пакоі кароткатэрміновых спатканняў.

- Колькі ўсяго дзён вы правялі ў ШІЗА? За якія парушэнні Вас туды адпраўлялі? Якія там умовы? Вы падвяргаліся яшчэ якім-небудзь спагнанням? Якім? За што?

- Усяго 27 дзён. Парушэнні: адмова ад уборкі санітарнага вузла. Умовы жудасныя, холадна, волкасць, цьмянае святло, пры якім нічога не відаць. Спагнанняў было шмат, я і не ўспомню ўсе, напрыклад, курэнне ў неналежным месцы (звычайна гэта пісалі, калі хацелі пазбавіць спаткання або пасылкі). Парушэнне формы адзення (да прыкладу, у прамысловай зоне мяне ў тапках заўважылі). Не прывітанне адміністрацыі (не паспеў ці забыўся ўстаць пры ўваходзе супрацоўніка). Ігнараванне рэжымных мерапрыемстваў (да прыкладу, чакаю заказны ліст, каб яго забраць, а ў гэты час трэба ісці ў клуб на лекцыю).

- Ці цяжка Вам даўся час зняволення?

- Першы час вельмі цяжка. Потым прывык.

- Што дапамагала трымацца?

- Салідарнасць сяброў і грамадскасці.

- Лісты падтрымкі Вам пісала вялікая колькасць чалавек. Вы рэгулярна атрымлівалі лісты?

- Не, бывала, што лісты ўвогуле не прыходзілі. Пад Новы год мне адправілі блізу 100 паштовак - аніводную з іх я не атрымаў.

- На што, у асноўным, скардзяцца зняволеныя Бабруйскай калоніі?

- Харчаванне, і несправядлівыя акты, накіроўванне асуджаных у ШІЗА за дробязі...

- Вы будзеце і далей займацца грамадскай дзейнасцю?

- Вядома. Немагчыма змірыцца з сістэмай несправядлівасці і хлусні. Немагчыма змірыцца з прыгнятальнікамі. Спыніць барацьбу - значыць здацца, значыць, яны дамагліся свайго.

Зміцер Паліенка - грамадскі актывіст. Фармальна быў асуджаны паводле артыкулаў 364 КК РБ («гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў») і паводле ч. 2 артыкула 343 КК, фактычна ж, Паліенка падпаў пад крымінальны пераслед за ўдзел у мірным сходзе «Крытычная маса», які праходзіў 29 красавіка 2016 года.

Беларускія праваабаронцы прызналі Змітра Паліенку палітычным зняволеным, а аўтарытэтная міжнародная арганізацыя «Amnesty International» - вязнем сумлення.

24 кастрычніка Зміцер вызваліўся з Бабруйскай калоніі, аднак у першыя ж дні пасля вызвалення ў яго ўзніклі новыя праблемы з міліцыяй праз яго адмову прыходзіць на прафілактычныя гутаркі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках