26 красавiка 2024, Пятніца, 22:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Бага: БАТЭ дастаўся самы, што ні на ёсць суперклуб

3
Аляксей Бага: БАТЭ дастаўся самы, што ні на ёсць суперклуб
ФОТА: FCBATE.BY

Галоўны трэнер БАТЭ пракаментаваў лёсаванне плэй-оф Лігі Еўропы.

Галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага падзяліўся чаканнямі ад матчаў з «Арсеналам» у 1/16 фіналу Лігі Еўропы.

- З якімі эмоцыямі сачылі за лёсаваннем?

- Як заўсёды быў спакойны, але за працэдурай назіраў з цікавасцю. У душы ўзнікалі супярэчлівыя адчуванні. З аднаго боку, хацелася, каб у спаборнікі выпаў топ-клуб. З іншага ж, быў не супраць таго, каб зазірнуць далей 1/16 фіналу. Усё ж такі наша каманда ўжо зрабіла вялікую справу, і спыняцца ўжо неяк не хочацца.

- Напярэдадні быў прадстаўлены спіс з 15 магчымых спаборнікаў БАТЭ. Каго з іх сабе ў апаненты вы жадалі больш за ўсё?

- Я ўжо неяк казаў, што больш за ўсё мне хацелася згуляць з міланскім «Інтэрам», за стырном якога стаіць даволі вядомы нам Лучана Спалеці. Да таго ж «Інтэр» - клуб з багатай гісторыяй, а «Сан-Сыра» - выдатны стадыён, на якім, дарэчы, мы ўжо гулялі. У клуба файныя заўзятары. Ды што тут казаць, сам горад футбольны.

- У якой меры жэрабя апынулася бязлітасным у дачыненні да вас?

- Нам дастаўся самы, што ні на ёсць суперклуб. «Арсенал» - адзін з самых магутных спаборнікаў з тых, якія маглі нам выпасці. За стырном «кананіраў» знаходзіцца топ-трэнер - гішпанец Унаі Эмеры, тройчы запар перамагаў Лігу Еўропы. Гэта таксама ж пра нешта кажа.

- Зразумела, дэталёва пазнаёміцца з цяперашнім «Арсеналам» у вас не было часу чыста фізічна. Тым не менш, нейкія асацыяцыі гэты клуб выклікае?

- Зразумела. Яшчэ засталіся леташнія ўражанні ад сустрэч з ім. Праўда, з таго часу ў ім адбыліся значныя змены. Але больш інфарматыўнымі ўважаю гульні ў групавым турніры Лігі Еўропы «Арсенала» супраць азербайджанскага «Карабаха», з якім мы небеспаспяхова ваявалі летам у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. А наогул цяпер «Арсенал» на хаду. Калі не лічыць ўчарашні матч прэм'ер-лігі, то да яго «кананіры» не саступалі ў 22 афіцыйных двубоях запар.

- У спаборніка ж у лютым чэмпіянат будзе ў разгары. Вас не турбуе, што, у адрозненне ад яго, вам давядзецца гуляць у стане, далёкім ад аптымальнага?

- Дык выбіраць нам і не даводзіцца. Балазе і так, што мы прабіліся ў 1/16 фіналу. А наогул будзем сумяшчаць падрыхтоўку да гульняў з «Арсеналам» з планамернай падрыхтоўкай да новага сезону, у якім зноў будзем імкнуцца да развязання вялікіх задач, пачынаючы ад чэмпіянату і заканчваючы еўракубкамі. Два матчы з такім апанентам - гэта вельмі нядрэнна перад сезонам. У кожным выпадку такія гульні лепшыя за спарынгі. Так што ўсё нармальна. Скардзіцца няма на што.

- Першы матч давядзецца згуляць дома...

- Як я разумею, гэты факт стаў вядомы яшчэ да лёсавання. Успрынялі яго як належнае. Галоўнае, каб у сярэдзіне лютага ў Беларусі не ўзнікла ніякага пагоднага форс-мажору.

- Цяпер каманда сышла ў адпачынак і прыступіць да трэніровак толькі праз месяц. Ці хопіць вам часу, каб падрыхтавацца да матчаў 1/16 фіналу?

- Як я ўжо адзначыў, усё адно мы будзем разглядаць гэты этап як падрыхтоўку да сезону агулам. Збіраць каманду раней, каб займацца фарсаваннем формы да лютаўскіх паядынкаў - напэўна, гэта няправільна. За плячыма вялікай групы футбалістаў нашай каманды пяцьдзесят-пяцьдзесят пяць матчаў. Пасля такога насычанага сезона хлопцам трэба добра аднавіцца і адпачыць. Таму грэбаваць іх здароўем, хай нават дзеля двух матчаў супраць такога клуба як «Арсенал», не ўважаю за правільнае. Бо нас чакае не менш насычаны новы сезон. Гэта тычыцца і матчаў ўнутранага календара, і еўракубкавых гульняў, і матчаў у складах каманд.

- Як вы бачыце гэтую падрыхтоўку?

- Выйдзем з адпачынку, пройдзем медабследаванне і 24 студзеня плануем паляцець на турэцкі збор. А ўжо пасля вяртання з яго зоймемся непасрэднай падрыхтоўкай да гульняў з «Арсеналам», - цытуе Багу афіцыйны сайт БАТЭ.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках