26 красавiка 2024, Пятніца, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Несыравінны сектар эканомікі РФ на мяжы рэцэсіі

1
Несыравінны сектар эканомікі РФ на мяжы рэцэсіі

Рост вытворчасці ў сегменце апрацоўкі запаволіўся да нуля.

Расейская эканоміка працягвае дэманстраваць трывожныя сімптомы абвастрэння сыравіннай залежнасці.

У той час як галіны, якія здабываюць найпростую мінеральную сыравіну растуць з рэкорднай за дзесяцігоддзе хуткасцю, несыравінавы сектар імкліва страчвае рэнтабельнасць і балансуе на мяжы новай рэцэсіі, піша finanz.ru.

У лістападзе здабыча карысных выкапняў у РФ падскочыла на 7,8%, паведаміў у панядзелак Расстат: пасля таго, як угода з краінамі OPEC была згорнутая нафтавікі давялі здабычу да постсавецкага рэкорду на 11,5 млн барэляў за дзень, здабыча газу падскочыла на 3,3%, а вугалю - на 8,2%.

Рост у сегменце апрацоўкі - на фабрыках і заводах, не звязаных з сыравіннай трубой, - тым часам запаволіўся да нуля, а ў параўнанні з кастрычнікам аб'ёмы выпуску скараціліся на 0,3%.

Здабывальная галіна застаецца галоўным лакаматывам эканомікі, канстатуе дырэктар аналітычнага дэпартамента «Локо-Інвест» Кірыл Трэмасаў.

Сыравінныя экспарцёры зарабілі за студзень-кастрычнік 3,535 трыльёна рублёў дападатковага прыбытку, паказаўшы рэнтабельнасць ад 33% у здабычы нафты да 55% у вытворчасці металаў.

Але за межамі «нафтадаляравага эльдарада» даходы працягваюць стагнаваць, людзі набіраюць крэдыты (+22% год да года), тады як рэнтабельнасць бізнэсу вылічаецца адзінкамі адсоткаў - ад 2,9% у будаўніцтве да 6,9% у раздробным гандлі.

Апрацоўчая прамысловасць зноў на мяжы рэцэсіі, кажа Трэмасаў.

За трэці квартал яе ўнёсак у ВУП скараціўся яшчэ на 10%: з 1,5% росту несыравінавая вытворчасць дала толькі 0,1 адсоткавага пункта. Усё гэта пагаршае доўгатэрміновыя перспектывы эканамічнага развіцця, адзначае галоўны эканаміст Альфа-банка Наталля Арлова.

Скарацілася вытворчасць харчавання - курынага мяса, масла і алею. "Відавочна, вытворцы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі выдаткі вытворчасці растуць (напрыклад, даражэюць кармы, даражэе сыравіна), але пры гэтым праз даволі слабы рост рэальных даходаў насельніцтва вытворцы абмежаваныя ў магчымасцях падвышэння коштаў", - кажа намесніца дырэктара аналітычнага дэпартамента "Альпары" Наталля Мільчакова.

Апытанні прадстаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў паказалі, што ў пачатку трэцяга квартала яны сутыкнуліся з самым істотным за апошні час падзеннем попыту, паказвае загадчык лабараторыі кан'юнктурных апытанняў Інстытута Гайдара Сяргей Цухло: 40% топ-мэнэджараў і уласнікаў скардзіліся на складанасці з рэалізацыяй прадукцыі.

Асобнай праблемай стала паслабленне рубля: 63% рэспандэнтаў паведамілі, што ім патрэбны моцны курс, каб інвеставаць у развіццё, для якога неабходны імпартныя тэхналогіі і абсталяванне.

Гэтыя інвестыцыі жыццёва неабходныя: амартызацыя асноўных фондаў у цэлым у эканоміцы перавысіла 50%, а сярэдні ўзрост абсталявання ў апрацоўчым сектары - больш за 16 гадоў, паказвае дырэктар Інстытута кан'юнктурных даследаванняў ВШЭ Георгій Астапковіч.

Тэхналагічная адсталасць не дае вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю, і сітуацыя замыкаецца ў заганнае кола: даходы падаюць, не пакідаючы грошай на інвестыцыі, без якіх павялічыць прыбытак немагчыма.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках