Аказвала пратэкцыю зяцю: Падрабязнасці справы экс-старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама
13- 20.12.2018, 18:12
- 17,605
Карніцкая ўважалася за адну са старажылаў у адміністрацыі Гомельскай вобласці.
У Гомелі завершана расследаванне справы ў дачыненні да экс-кіраўніцы камітэта эканомікі аблвыканкама Эльвіры Карніцкай, паведамілі tut.by ў Следчым камітэце.
Паводле версіі следства, абвінавачаная, з'яўляючыся сябрам рады спрыяння па прыцягненню інвестыцый Гомельскага аблвыканкама, аказвала пратэкцыю юрыдычнай асобе, адным з заснавальнікаў якой з'яўляўся яе зяць.
Так, у 2013 годзе паміж аблвыканкамам і юрасобай была заключаная інвестыцыйная дамова на арганізацыю вытворчасці фарбаваных фасадаў. Да 2016 года інвестар так і не выканаў умовы дамовы.
Пры садзейнічанні абвінавачванай тэрмін рэалізацыі праекта неаднаразова прадаўжаўся, што дазволіла прадпрыемству пазбегнуць штрафных санкцый і выплаты ПДВ пры ўвозе ў Беларусь абсталявання. Нягледзячы на тое, што вытворчасць не была наладжаная, пад уплывам абвінавачванай была незаконна праведзеная прыёмка ў эксплуатацыю вытворчага аб'екта, а таксама прынятая пастанова аб прызнанні абавязанняў, ускладзеных на юрыдычную асобу па дамове, выкананымі ў поўным аб'ёме.
Дзеянні абвінавачанай кваліфікаваныя паводле артыкула «Наўмыснае насуперак інтарэсам службы ўчыненне службовай асобай з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці дзеянняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».
Карніцкая ўважалася за адну са старажылаў у адміністрацыі Гомельскай вобласці. Аднак у красавіку з сайта аблвыканкама нечакана знікла яе прозвішча. «Пайшла на пенсію», - запэўнівалі калегі і прасілі не шукаць у гэтым ніякага падтэксту: «Ёй 58 гадоў, і яна хацела пайсці яшчэ летась, аднак губернатар прасіў яе застацца».
Але 25 красавіка з'явілася інфармацыя аб прычынах знікнення чыноўніцы: у СК распавялі пра расследаванне карупцыйнай крымінальнай справы ў дачыненні да Карніцкай.