Атака дронаў на Маскву прывяла да калапсу ў аэрапортах
5- 3.09.2026, 8:02
- 7,458
Адмянілі больш за 100 рэйсаў.
У ключавых аэрапортах Масквы — «Внукава» і «Шарамецьева» — адмянілі і затрымалі больш за 120 авіярэйсаў з-за масіраванай атакі дронаў.
Пра гэта паведаміла РБК-Украіна.
Паводле падлікаў выдання, у двух сталічных аэрапортах карэкціроўкі раскладу закранулі каля 40 рэйсаў на вылет і больш за 80 — на прыбыццё.
У некалькі самалётаў пасажыры паспелі сесці, пасля чаго а 22:27 па мясцовым часе ў «Шарамецьеве» і «Внукаве» ўвялі план «Ковер».
Частку рэйсаў перанеслі на наступны дзень.
Паводле інфармацыі мэра Масквы Сяргея Сабяніна, увечары 2 верасня супрацьпаветраная абарона збіла 9 беспілотнікаў, што ляцелі на сталіцу.
Па стане на 00:27 3 верасня мэр расійскай сталіцы паведаміў пра нібыта збітыя ўжо 10 дронаў.
План «Ковер» у РФ — гэта спецыяльны рэжым у паветранай прасторы, які ўводзіцца ў выпадку сур’ёзнай пагрозы, у тым ліку падчас атак БПЛА або з’яўлення невядомых паветраных аб’ектаў.
Пасля абвяшчэння «Ковера» грамадзянскія самалёты павінны неадкладна пакінуць вызначаную зону або здзейсніць пасадку, а працу аэрапортаў могуць цалкам абмежаваць.
Нагадаем, 1 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійская паветраная прастора становіцца небяспечнай для грамадзянскай авіяцыі з-за масавай прысутнасці дронаў Украіны.