11 траўня 2026, панядзелак, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За «дэманстратыўныя ўдары ў звон» Урбановіча аштрафавалі на $490 базавых

7
За «дэманстратыўныя ўдары ў звон» Урбановіча аштрафавалі на $490 базавых
ДЗЯНІС УРБАНОВІЧ
ФОТА: NN.BY

Сам лідар «Маладога Фронту» на судовым паседжанні не прысутнічаў.

Суддзя Лагойскага раёна Аксана Сарахман 18 снежня разгледзела адміністрацыйную справу на падставе ч.3 арт.23.34 КаАП у дачыненні да старшыні «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў складзе групы грамадзян у пікетаванні побач з падземным пераходам, які вядзе да ўрочышча «Курапаты», без адпаведнага дазволу Менскага райвыканкама з мэтай публічнага выказвання свайго стаўлення да функцыянавання рэстарацыі «Поедем поедим» і палітычных рэпрэсій 1930-1940 гадоў, дзе «дэманстратыўна ажыццяўляў нанясенне ўдараў у звон».

У той вечар - 29 кастрычніка - праходзіла акцыя «Ноч расстраляных паэтаў», у якой удзельнічала амаль 70 чалавек. У падземным пераходзе ля выхаду ў бок Курапатаў была ўсталяваная імправізаваная сцэна, на якой выступалі і чыталі вершы рэпрэсаваных паэтаў госці. Але толькі Дзяніс Урбановіч быў затрыманы 7 лістапада і на яго быў складзены пратакол.

Сам Дзяніс Урбановіч на судовым паседжанні не прысутнічаў.

Суддзя вынесла прысуд - пакараць актывіста штрафам 40 базавых адзінак - 980 рублёў.

Нагадаем, «Ноч расстраляных паэтаў» - акцыя, якая адбываецца ў ноч з 29 на 30 кастрычніка ў Курапатах, у гадавіну ночы, калі НКВД расстраляла цэлую групу выдатных беларускіх літаратараў. Сярод іх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Коваль, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валерый Маракоў, Юлій Таўбін, Міхаіл Чарот і іншыя, усяго 22 чалавекі.

Усяго ў тую ноч былі знішчаныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі і дзяржаўнага апарату.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках