31 жнiўня 2026, панядзелак, 10:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадказальны фінал

3
Прадказальны фінал
Віталь Портнікаў

Гаага не выканала сваю галоўную функцыю.

У тыя дні, калі Расія працягвала сістэматычныя абстрэлы Кіева і іншых украінскіх гарадоў, калі сіраны паветранай трывогі гучалі літаральна кожную гадзіну, калі палалі гандлёвыя цэнтры і жылыя дамы, былы камандуючы Галоўным штабам Арміі баснійскіх сербаў Ратка Младзіч памёр у Гаазе.

Гэта быў прадказальны фінал. Старога забойцу ніхто і не збіраўся выпускаць на волю нават перад смерцю, таму што тыя злачынствы, якія ён учыніў, не прадугледжвалі памілавання. І, магчыма, самае важнае цяпер — Младзіч паміраў менавіта тады, калі стала ясна, што ўсе гэтыя злачынствы былі рэпетыцыяй іншага маштабу забойстваў, якія Расія здзяйсняе ўжо на нашай зямлі. Так, фармальна Масква Ратка Младзіча і яго фармальнага начальніка, прэзідэнта Рэспублікі Сербскай Радавана Караджыча (ён яшчэ жывы і знаходзіцца ў турме) не падтрымлівала. Не дапамагла Расія і свайму шматгадоваму саюзніку, фактычнаму гаспадару баснійскіх сербаў Слабадану Мілошавічу — выдадзенаму міжнароднаму правасуддзю ў кароткі перыяд спробаў усталяваць у Сербіі сапраўдную дэмакратыю, ён таксама памёр у турэмнай камеры Гаагскага трыбуналу.

Але расійскія чэкісты ўжо тады ўдзельнічалі ў падзеях на тэрыторыі былой Югаславіі, ужо тады ўспрымалі югаслаўскую вайну як палігон. Ужо тады дапамагалі пазбегнуць адказнасці тым, хто быў гатовы выконваць іх жудасныя капрэзы. Ад Срэбраніцы, што стала крывавай прэлюдыяй нашай Бучы, ад аблогі Сараева, што стала прэлюдыяй да абстрэлаў украінскіх гарадоў, да палявання на людзей у Херсоне, да удараў ракет і дронаў па жылых кварталах, і да затрымання Младзіча і перадачы яго Гаагскаму трыбуналу мінула цэлых 15 гадоў.

Усе гэтыя гады ён асабліва і не хаваўся — прынамсі ў перыяд, калі яго сапраўдны начальнік Мілошавіч заставаўся пры ўладзе ў Сербіі. Яго не звальнялі з сербскай арміі — менавіта з сербскай, а не з арміі баснійскіх сербаў, то бок ён заставаўся паважаным вайсковым пенсіянерам. Увесь гэты час, судзячы па ўжо абнародаваных дакументах, ФСБ ведала, дзе яго шукаць, больш за тое — стварала для яго ўсе магчымасці захаваць свабоду. Калі б не імкненне Бялграда знайсці агульную мову з Бруселем і пачаць рэальны працэс еўрапейскай інтэграцыі, Младзіч так і памёр бы безкарным.

Але варта ведаць і іншае. Зоран Джынджыч, прэм’ер-міністр Сербіі, які арганізаваў выдачу Мілошавіча, хутка быў забіты. Яго аднапартыец Барыс Тадзіч, які стаў прэзідэнтам Сербіі і арганізаваў выдачу Караджыча і Младзіча, ператварыўся ў палітычнага маргінала. А да ўлады ў Бялградзе прыйшоў былы міністр прапаганды Мілошавіча, які здаваўся радыкалам і хлусам нават на фоне самога дыктатара, — Аляксандар Вучыч, з якім літаральна некалькі дзён таму абдымаўся наш прэзідэнт. Вучыч, сапраўдны палітычны драпежнік, цудоўна разумее, што большасць сербаў па-ранейшаму лічыць Младзіча героем і ахвярай і ўпарта не заўважае крыві на руках забойцы. І таму ён распавядае суайчыннікам пра несправядлівасць міжнароднага правасуддзя, таму прапануе пахаваць Младзіча на сербскай зямлі, таму абураецца, што крываваму генералу не далі памерці дома.

То-бок пакаранне — яно адбылося. І гэта важна. Але ўсведамленне грамадствам сваёй адказнасці за злачынства або хаця б з’яўленне жадання дыстанцыявацца ад злачынства — не. А гэта азначае, што Гаага не выканала сваю галоўную функцыю — не стала прышчэпкай ад з’яўлення новых Младзічаў, ад новых войнаў, ад новых этнічных чыстак. Усё яшчэ можа паўтарыцца зноў і зноў.

І для нас гэта — найважнейшая выснова на наступныя дзесяцігоддзі. Можна дамагчыся справядлівасці для злачынца — але нельга змяніць краіну і грамадства, калі самі грамадзяне не жадаюць такіх зменаў. У сербаў, у адрозненне ад расіян, былі і магчымасці, і палітыкі, і міжнародная падтрымка — і нічога не дапамагло. А гэта азначае, што цяпер — і, магчыма, на дзесяцігоддзі наперад — у нас з расіянамі будуць розныя героі і розныя ахвяры. У нас — тыя, хто іх спыніў. У іх — тыя, хто забіваў нас. І нават калі мы абараняемся, і калі мы калі-небудзь даб’ёмся справядлівасці ў дачыненні да злачынцаў і хтосьці з іх памрэ ў зняволенні, а не ў ўласным ложку, гэта толькі ўзмоцніць у Расіі адчуванне несправядлівасці і смагу рэваншу.

Гэты дамоклаў меч і пасля вайны будзе віснуць над нашымі галовамі, над галовамі нашых дзяцей і ўнукаў. Важна проста памятаць пра гэта — і не расслабляцца, і не даць чарговы раз сябе падмануць ні падступным чужакам, ні сквапным і дурным сваім.

Віталь Портнікаў, zbruc.eu

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках