«Зэканоміў каля 157 еўра»: беларус расказаў пра зніжкі ў Польшчы
2- 31.08.2026, 9:13
Ён месяц збіраў чэкі, каб даведацца, колькі можна зэканоміць на акцыях.
Мікалай (імя зменена) жыве ў Польшчы некалькі гадоў. Нядаўна ён вырашыў правесці невялікі эксперымент: на працягу месяца збіраць чэкі ў крамах мясцовай сеткі Biedronka, каб даведацца, колькі ягоная сям’я (з чатырох чалавек) эканоміць на зніжках. Пра вынікі ён падзяліўся з «Салідарнасцю».
— Спачатку ў Польшчы ўсё здавалася дарагім у параўнанні з Беларуссю. Але знаёмыя мяне супакоілі: пастаў прыкладанні мясцовых сетак і пачынай эканоміць. Бліжэй за ўсё была «Бедронка», з яе і пачаў, — расказаў Мікалай.
Калі адкрылі мяжу, у крамах стала прыкметна больш землякоў, якія пачалі прыязджаць да сваякоў, а таксама па закупы. Тады і нарадзілася ідэя збіраць чэкі.
— Аднойчы сустрэў пару з вазком, поўным тавараў. З размовы зразумеў, што гэта мінчукі. Яны азіраліся па баках, каментавалі зніжкі і акцыі. У нейкі момант мужчына не вытрымаў і сказаў: «І як толькі няшчасныя палякі выжываюць? Тут жа ад цэннікаў са зніжкамі ў вачах мільгаціць». А калі ўбачыў здзіўленае аблічча жонкі, то патлумачыў, што гэта быў сарказм, — успомніў адну характэрную гісторыю наш суразмоўца.
І дадаў ад сябе, што яго смешаць недарэчныя фантазіі БТ пра «няшчасных» палякаў, якія, здаецца, толькі апошняга пацука не даядаюць за сметнікам.
У ліпені Мікалай сабраў усе чэкі, атрыманыя ў «Бедронцы». Сума выдаткаў склала 1723 злотых (400 еўра па сярэднямесячным курсе). Сума зніжак пры гэтым склала 675 злотых (каля 157 еўра).
І гэта яшчэ не ўсё. Сумы некаторых аднаразовых пакупак двойчы давалі яму бонусы для пакупак на суму 20 злотых. За гэтыя грошы на працягу некалькіх дзён можна было купіць тавары да навучальнага года.
Сумы зніжак бываюць розныя. Часам гэта некалькі злотых, а бывае і да ста злотых пры суме выдаткаў у дзве сотні.
«Зручна тое, што можаш перад выхадам з дому даведацца пра актуальныя зніжкі ў прыкладанні. Напрыклад, акцыі на сметанковае масла, сыр, чырвоную рыбу, сокі дзецям. А па іншыя тавары можна пайсці ў іншую сетку, дзе на іх свая зніжка», — расказаў Мікалай.
Паводле яго слоў, у Польшчы сапраўды высокія цэны. Але сістэма зніжак, бонусаў, бясконцыя акцыі дапамагаюць не толькі эканоміць, але і дазволіць сабе тое, што раней было хіба што на святы: «Тая самая добрая кава каштуе дорага, але раз на месяц абавязкова бывае акцыя 1+1, то бок дзве пачкі па цане адной. І так з іншымі прадуктамі. У Беларусі я ніколі рэгулярна не купляў аліўкавы алей, не кажучы ўжо пра філе ласося. А тут усё гэта стала нормай».