На Гарадзеншчыне актывіст дамогся забароны на расейскія «трыкалоры» ў транспарце
13- 21.12.2018, 17:29
- 17,734
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»
Барацьбу Валерый Мінец пачаў яшчэ ў верасні.
Кіроўцам аўтобусаў «Гроднааблаўтатранс» забаранілі вешаць у кабіне грамадскага транспарту «непатрэбныя прадметы», да якіх можна аднесці і расейскі «трыкалор». Такога выніку дамогся сваімі зваротамі і скаргамі лідскі актывіст Валер Мінец, паведамляе «Радыё Свабода».
Кіроўцу пазбавілі прэміі праз скандал вакол сцяга
Барацьба Валерыя Мінца з расейскімі сцяжкамі ў Лідзе пачалася ў верасні. Ён заўважыў у адным з гарадскіх аўтобусаў на лабавой шыбе «трыкалор». Папрасіў кіроўцу Івана Пышынскага зняць яго.
Ён уважае за недапушчальнае і незаконнае размяшчэнне сімвалаў іншых дзяржаў у месцах грамадскага карыстання.
Кіроўца адмовіўся, са слоў Мінца, у грубай і абразлівай форме. Актывіст напісаў скаргу ў аўтобусны парк з просьбай прыбраць расейскія сцягі і прыцягнуць кіроўцу да адказнасці за хамства.
У выніку кіроўцу пазбавілі паловы месячнай прэміі. Аднак пытанне з сімволікай тады не развязалася.

Забаранілі ўсе «лішнія» прадметы ў транспарце
Другі зварот з такой жа просьбай жыхар Ліды накіраваў у «Гроднааблаўтатранс» - забараніць вешаць у транспарце расейскія сцягі і іншую сімволіку.
«Пры павазе ўласных поглядаў і прыхільнасцяў кіроўцаў, дзяржаўны грамадскі транспарт не павінен быць месцам выказвання і прапаганды тых самых уласных поглядаў кіроўцаў гэтага аўтатранспарту, у тым ліку праз выкарыстанне чужой сімволікі», - пісаў ён у лісце.

З ААТ «Гроднааблаўтатранс» ён атрымаў станоўчы адказ. Гэтая арганізацыя 7 снежня выдала загад, які «абавязаў дырэктараў філіялаў выключыць усталяванне (прымацаванне) у транспартных сродках прадметаў, не прадугледжаных канструкцыяй аўтамабіля».
Выключэнні - сродкі навігацыі і відэорэгістрацыі, бартавыя прылады платы за праезд, фіранкі на бакавых вокнах салона аўтобуса і «іншыя прадметы, неабходныя для ажыццяўлення кантролю, гарантавання бяспекі і камфорту пасажыраў, распаўсюджвання ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку інфармацыі».
Валерый Мінец мяркуе, што сцягі да выключэнняў не належаць.
Год таму лідскі актывіст дамогся, каб з гарадскога транспарту ў Лідзе зніклі «георгіеўскія стужкі». Ён сказаў, што пасля гэтага больш ні разу не бачыў «георгіеўскія стужкі» ў лідскіх аўтобусах.
