У Берасці пададзеныя дакументы на рэгістрацыю групы для правядзення гарадскога рэферэндуму
2- 21.12.2018, 18:03
- 10,788
Жыхары Берасцейскага раёна маюць намер праз рэферэндум забараніць будаўніцтва і эксплуатацыю акумулятарнага завода.
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода 21 снежня падалі ў Берасцейскі райвыканкам заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы для правядзення мясцовага рэферэндуму ў Берасцейскім раёне. Пра гэта «Брестской газете» паведаміла старшыня ініцыятыўнай групы Ірына Сіліцкая. Да заявы прыкладаліся: спіс ініцыятыўнай групы, спіс удзельнікаў сходу 16 снежня, заявы ад кожнага чальца ініцыятыўнай групы аб згодзе на ўдзел у яе працы.

У заяве актывісты таксама просяць зарэгістраваць пытанне, якое будзе выносіцца на мясцовы рэферэндум: «Забараніць усякую дзейнасць, звязаную з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода ў вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй на тэрыторыі Берасцейскага раёна?»

У ініцыятыўную групу ўвайшлі 32 жыхары Берасцейскага раёна. На разгляд гэтай заявы ў Берасцейскага райвыканкама ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам будзе 30 дзён.
Паводле заканадаўства мясцовыя рэферэндумы прызначаюцца адпаведнымі мясцовымі прадстаўнічымі органамі («саветам дэпутатаў») паводле сваёй ініцыятывы або паводле прапановы не менш чым 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Ініцыятыўная група пры правядзенні мясцовага рэферэндуму ў раёне павінна ўключаць не менш за 20 чалавек.
Характэрна, што дагэтуль мясцовыя рэферэндумы ў Беларусі не праводзіліся, былі толькі рэспубліканскія.

