22-і ўкраінскі марак абвясціў сябе ваеннапалонным
2- 25.12.2018, 21:12
- 12,036
ФОТА: AP
Пра гэта паведаміў адвакат украінскага марака.
Украінскі вайсковец, супрацоўнік Службы бяспекі Украіны Андрэй Драчоў, захоплены блізу Керчанскай пратокі 25 лістапада, заявіў, што з'яўляецца ваеннапалонным. Аб гэтым 25 снежня ў Facebook паведаміў ягоны адвакат Арцём Пепа.
Паводле ягоных слоў, марак адмовіўся ад давання сведчанняў расейскаму следству.
"Пачуваецца добра, усім валанцёрам пераказвае падзяку за дапамогу, настрой мае пазітыўны! Родным і блізкім пераказвае вялікае вітанне, спадзяецца на хуткае вяртанне дадому", - напісаў ён.
Андрэй Драчоў стаў 22-м украінскім мараком, які абвясціў сябе ваеннапалонным.
25 лістапада РФ абстраляла і захапіла ў Чорным моры катэры ўкраінскіх ВМС "Бярдзянск" і "Нікапаль", а таксама буксір "Яны Капу", якія вярталіся ў Адэсу пасля спробы прайсці праз Керчанскую пратоку ў Азоўскае мора.
Расейскія вайскоўцы затрымалі 24 ўкраінскіх маракоў, пазней іх арыштавалі ў крымскіх "судах" і перавезлі ў Маскву. Траіх параненых украінцаў змясцілі ў шпіталь следчага ізалятара "Матроская цішыня", астатніх даставілі ў ізалятар "Лефортава".
Усім маракам выставілі абвінавачванні паводле ч.3 арт.322 (незаконнае перасячэнне мяжы) Крымінальнага кодэкса Расеі.
ЗША асудзілі дзеянні Расеі, назваўшы іх з’явай агрэсіі, Еўразвяз выказаў заклапочанасць ужываннем сілы з боку РФ. Заявы з патрабаваннем вызваліць украінскіх маракоў апублікавалі таксама NATO і АБСЕ.
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава паведамляла, што затрыманыя РФ украінскія маракі маюць статус ваеннапалонных, які прадугледжвае асобную мадэль вызвалення.