26 красавiка 2024, Пятніца, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША развітваюцца з Джорджам Бушам-старэйшым

ЗША развітваюцца з Джорджам Бушам-старэйшым
ДЖОРДЖ БУШ-СТАРЭЙШЫ
ФОТА: REUTERS

41-ы прэзідэнт ЗША памёр у мінулую пятніцу ва ўзросце 94 гадоў

Амерыканцы развітваюцца з 41-м прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-старэйшым, падкрэсліваючы сваю ўдзячнасць яму за доўгую службу краіне, якую ён пачаў у якасці вайскоўца ВМС падчас Другой сусветнай вайны, а пазней - працягнуў на пасадзе прэзідэнта. Ён памёр у пятніцу ў сябе дома ў Х'юстане ва ўзросце 94 гадоў.

Доўгі картэж суправаджаў катафалк з парэшткамі Буша з пахавальнага бюро ў Х'юстане ў размешчаны непадалёк аэрапорт Элінгтан, адкуль яго даставяць у сталіцу на самалёце, які часта выкарыстоўваецца ў якасці першага борта, паведамляе «Голос Америки».

Перад гэтым тысячы студэнтаў, супрацоўнікаў і наведвальнікаў прыйшлі аддаць даніну павагі і ўскласці кветкі да мемарыялаў у прэзідэнцкай бібліятэцы Буша ў Тэхаскім універсітэце A&M і ў парку ў цэнтры Х'юстана.

Не меншы наплыў ахвочых развітацца чакаецца на гэтым тыдні і ў Вашынгтоне, дзе пройдзе пахаванне Буша.

Труна з целам экс-прэзідэнта будзе ўсталяваная для развітання ў ратондзе Капітолія з панядзелка па сераду. Закрытая жалобная цырымонія пройдзе ў сераду ў Вашынгтонскім кафедральным саборы, дзе будуць прысутнічаць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і ягоная жонка Меланія, а таксама экс-прэзідэнт Джымі Картэр. Сям'я Буша пакуль не ўдакладняе, хто будзе выступаць падчас цырымоніі.

Затым цела прэзідэнта вернуць у Х'юстан і выставяць для развітання ў епіскапальную царкву св. Марціна, а ў чацвер пахаваюць на сямейным участку на тэрыторыі бібліятэкі, побач з яго жонкай Барбарай Буш, якая памерла ў красавіку сёлета, і іх дачкой Робін Буш, якая памерла ад лейкеміі ва ўзросце 3 гадоў у 1953 годзе.

Труна з целам Буша павінна прыбыць у Вашынгтон ў другой палове дня ў панядзелак на борце вайсковага самалёта, экіпажу якога прэзідэнт Трамп даручыў «спецыяльную паветраную місію 41», па парадкаваму нумару Буша ў спісе амерыканскіх прэзідэнтаў.

У шляху на Аб'яднаную базу Эндрус у Мэрылэндзе цела Буша будуць суправаджаць яго старэйшы сын, экс-прэзідэнт Джордж Буш-малодшы, яго жонка Лора, а таксама брат Ніл Буш са сваёй сям'ёй, паведаміў прэс-сакратар сям'і Джым Макграт. Як чакаецца, іншыя сваякі ўжо будуць на базе да моманту іх прыбыцця.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках