26 красавiка 2024, Пятніца, 16:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі пасярэднікаў «корміцца» з бальнічных талерак

27
Колькі пасярэднікаў «корміцца» з бальнічных талерак

Пасярэднікі неміласэрна завышаюць кошты харчавання ў шпіталях.

Паводле ацэнак міністэрства, колькасць пасярэдніцкіх структур пры арганізацыі харчавання ў сістэме аховы здароўя выявілася нават большай, чым у сістэме адукацыі. Цэнаўтварэнне ў гэтай сферы выклікае шмат пытанняў, аднак Міністэрства аховы здароўя гэта не турбуе, піша «Ежедневник».

«Цяпер гэтая сістэма ў сферы аховы здароўя напоўненая пасярэдніцкімі структурамі. Бо аплата харчавання хворых забяспечваецца за кошт бюджэтных сродкаў - на гэтыя мэты штогод накіроўваецца больш за 100 млн рублёў», - заявіў кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў на калегіі ўстановы.

Пры гэтым пасярэднікі неміласэрна завышаюць кошты. Так, УП «Вітамін» у Менску закупляла беларускія памідоры ў пасярэдніцкай структуры коштам у 3,5 разы вышэйшым за кошт вытворцы. УКПП «Дыета» (Магілёў) пераплаціла ў 2016-2017 гадах 45 тысяч рублёў толькі на закупах мяса птушкі, мясных паўфабрыкатаў, разынак і расліннага алею. Агулам для «Дыеты» і «Вітаміну» больш за 60% прадуктаў пастаўлялі пасярэднікі.

Таксама ў якасці прыкладу прыводзіліся закупы для Быхаўскай ЦРБ: пастаўленая пасярэднікамі грэчка выявілася даражэйшай амаль на 36%, алей - на 37%, сухафрукты - на 62% і г.д. Парой таваравытворцы не ўдзельнічаюць у працэдурах закупаў альбо заяўляюць кошты, вышэйшыя за рынкавыя. Так, пры правядзенні аўкцыённых таргоў у закупах Гомельскай гарадской лякарняй №4 тушак куранят-бройлераў і мясной прадукцыі не быў заяўлены ніводзін вытворца гэтай прадукцыі, а на таргах перамагла пасярэдніцкая структура.

Анфімаў паставіў пытанне агулам аб эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў, выдзеленых на харчаванне пацыентаў. «Якасць харчавання - толькі адзін бок праблемы. Куды і як трацяцца бюджэтныя сродкі, ці няма шчылін у заканадаўстве, у самой арганізацыі харчавання, наколькі рацыянальна і аптымальна выбудаваная сістэма закупаў? Эканамічныя і фінансавыя аспекты, як паказалі вынікі праверкі, не сталі прадметам заклапочанасці ні Міністэрства аховы здароўя, ні мясцовых органаў улады», - канстатаваў кіраўнік установы.

Калі харчаванне забяспечваюць самі ўстановы аховы здароўя, закупы сыравіны і прадуктаў праводзяцца на конкурснай аснове. Калі гэтым займаюцца спецыялізаваныя арганізацыі (напрыклад, «Вітамін» і «Дыета»), на іх не распаўсюджваецца заканадаўства аб дзяржзакупах. А на гэтыя мэты выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі. «Чаму не ўстанавіць адзіны парадак дзяржзакупаў для арганізатараў харчавання ва ўстановах аховы здароўя?» - задаў пытанне Леанід Анфімаў. «Патрабуе таксама перагляду існая сістэма цэнаўтварэння на прадукты для ўстаноў аховы здароўя. Цяпер кошты ў гэтай сферы не падпадаюць пад дзяржаўнае рэгуляванне. Карыстаючыся заканадаўчым прабелам, той жа УП «Вітамін», нягледзячы на лакальны акт, які ўстанаўлівае выкарыстанне надбавак, фармаваў кошты прадукцыі не ад кошту вытворцы, а ад кошту пастаўшчыка, якім часцяком выступаў пасярэднік. У выніку толькі ў дзвюх назвах прадукцыі ўстановамі аховы здароўя было залішне выплачана бюджэтных сродкаў на суму амаль 1 млн рублёў», - дадаў Анфімаў.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках