13 снежня 2019, Пятніца, 7:58
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Рэжысёр Сакураў распавёў пра «данос» і праслухоўванне ў сувязі з праверкай ягонага фонду

Рэжысёр Сакураў распавёў пра «данос» і праслухоўванне ў сувязі з праверкай ягонага фонду
АЛЯКСАНДР САКУРАЎ

Ён упершыню пракаментаваў праверку, якую праводзіць паліцыя ў ягоным фондзе.

Аляксандр Сакураў размясціў свой каментар на старонцы «Востраў Сакурава» ў Facebook. Расейскі рэжысёр пацвердзіў у SMS-перапісцы з РБК, што заява, апублікаваная на старонцы ў Facebook «Востраў Сакурава», адпавядае рэчаіснасці, і паведаміў, што знаходзіцца ў «клініцы пасля складанай аперацыі».

У каментары гаворыцца, што «сапраўды, некалькі месяцаў ідзе праверка фінансавай дзейнасці фонду». «Спачатку гэта была звычайная планавая праверка, якую праходзяць усе падобныя на нашу арганізацыі, - піша Сакураў, - а затым у паліцыю паступіў данос ад былога супрацоўніка фонду». Са слоў рэжысёра, гэты чалавек пазычыў вялікія грошы ў фондзе і ў яго, але, на жаль, не вярнуў іх.

«Наколькі я ведаю, дырэктар фонду Мікалай Яначкаў і ягоныя партнёры па вытворчасці запрашаліся следчымі Петраградскага раёна Пецярбурга для дачы тлумачэнняў, паказанняў. Пытанні былі, наколькі я ведаю, абсалютна эканамічныя», - піша Сакураў.

З ягоных слоў, даносы, якія паступілі на дзейнасць фонду з боку былога супрацоўніка, «грунтуюцца на агрэсіўным асабістым непрыманні Мікалая, які даходзіць да нянавісці». «На жаль, я вельмі позна даведаўся, што ў аўтара даносаў некалькі судзімасцяў. Незадоўга да нашых падзей гэты чалавек напісаў данос на аднаго са сваіх сяброў - афіцэра Вайскова-марскога флоту, цалкам зруйнаваўшы ягоны лёс надуманымі і агрэсіўнымі фантазіямі», - піша рэжысёр.

«Я ведаю, што асаблівая ўвага да мяне пачалася пасля таго пасяджэння Савета па культуры, дзе я задаў прэзідэнту пытанне пра Алега Сянцова. Фармальна я не адчуваў ніякага ціску. Але калі пачалася сітуацыя з гэтым даносам, наколькі я ведаю, ФСБ актыўна падключылася да яе. На пастанову закрытага суда праслухоўваецца мой тэлефон - мабыць, для збору дадатковай інфармацыі пра маю грамадзянскую, грамадскую, эканамічную дзейнасць», - гаворыцца ў каментары Сакурава.

Рэжысёр адзначыў, што не ведае, у што гэта ўсё выльецца. «Вядома, пры жаданні, настойлівасці і правакацыях следства можна з кожнай сітуацыі стварыць крымінальную», - гаворыцца ў каментары. Сакураў таксама адзначыў, што яму некалькі разоў казалі, што гэтая сітуацыя падобная на выпадак Кірыла Сярэбранікава.

«Але ў адрозненне ад ягонай сітуацыі я наогул не займаюся эканомікай і ніколі не правяраў эканамічную дзейнасць дырэктара, бо ніякіх падстаў для гэтага ў мяне не было», - дадаў рэжысёр.

Ва ўправе інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУ МУС Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці паведамілі, што паліцыя Петраградскага раёна праводзіць праверку аб факце заявы грамадзянiна аб магчымых супрацьпраўных дзеяннях, звязаных з дзейнасцю названай арганізацыі. Пасля праверкі будзе прынятая працэсуальная пастанова», - паведаміў начальнік управы інфармацыі і грамадскіх сувязяў глаўка Вячаслаў Сцёпчанка.

Заява з просьбай праверыць фонд паступіла ў аддзел эканамічнай бяспекі УМВД Петраградскага раёна яшчэ ў пачатку сакавіка 2018 года, аднак у верасні тэрмін праверкі скончыўся і крымінальную справу не распачалі, паведаміў тэлеканал RTVI. Паводле ягоных звестак, праверка была праведзеная «не цалкам», таму яе матэрыялы праз пракуратуру вярнулі на дадатковы разгляд.

Паліцыю зацікавіла дзейнасць дырэктара фонду Мікалая Янкіна, якога падазраюць у крадзяжы бюджэтных сродкаў рэгіянальнага і федэральнага ўзроўняў «шляхам падробленых фінансавых дакументаў аб панесеных выдатках». Паводле звестак канала, гаворка ідзе пра фільм «Доследы», на які фонд рэжысёра атрымліваў субсідыі ад камітэта культуры Санкт-Пецярбурга.