26 красавiка 2024, Пятніца, 21:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус, які выдаў сябе за ўкраінца на расейскай тэлевізіі: Я не атрымаў ні капейкі

75
Беларус, які выдаў сябе за ўкраінца на расейскай тэлевізіі: Я не атрымаў ні капейкі

Ён папрасіў прабачэння за ўдзел у фэйку расейскай прапаганды.

Блогер Ілля Варламаў выкрыў чарговы фэйк расейскай прапаганды, якая на гэты раз мела дачыненне і да Беларусі. Да пятай гадавіны Майдана на расейскім Першым канале выйшаў сюжэт пра жыццё ва Украіне, піша nn.by.

У роліку паказалі нібыта ўкраінца Кірыла Чубенку, які, пагладжваючы котку, распавядае пра тыя жахі, якія яму «даводзіцца цярпець пасля Майдана»: «Нічога мне асабіста не даў Еўрамайдан. Вось, паглядзіце, дзе мы апынуліся. Трэба было глядзець у будучыню, а мы ў будучыні засталіся без цяпла, з дарогай энэргіяй, і незразумела, калі ўсё гэта скончыцца. Як перажыць зіму, як дзяцей адпраўляць у школу?!» - абураўся «ўкраінец Кірыл Чубенка».

ТАК ВЫГЛЯДАЎ «КІРЫЛ ЧУБЕНКА» НА РАСЕЙСКАЙ ТЭЛЕВІЗІІ

Аднак высветлілася, што «ўкраінца Чубенку» сыграў жыхар Менска Віталь Юрчанка. Знаёмыя Юрчанкі адпісаліся Варламаву ў сацыяльных сетках, што гэта напраўду беларус, а ніякі не жыхар Крывога Рога.

Віталь Юрчанка сам звязаўся з журналістамі, каб распавесці сваю гісторыю. Хлопец не раз паўтарыў, што яму сорамна за гэтую сітуацыю.

А ГЭТА ЎЖО ВІТАЛЬ ЮРЧАНКА. ФОТА НАСТАССЯ РОЎДА.

«Я працаваў аналітыкам у беларускай кампаніі, якая выступае пасярэднікам паміж тэлеканаламі і аператарамі ва ўсім свеце. Напрыклад, дзесьці адбываецца землятрус - і тэлеканалам патрэбен адтуль ролік, мы шукаем аператара.

Прыйшоў заказ ад Першага канала Расеі зняць сям'ю або чалавека ў Крывым Рогу ва Украіне, які б паскардзіўся на адсутнасць газу і дарагое ацяпленне. Такога чалавека знайшлі, знялі матэрыял, даслалі нам. Сам я ў сваёй працы ніяк не ўзаемадзейнічаю з аператарамі, таму я цалкам не быў у курсе, што яны здымаюць.

Потым высветлілася, што ў матэрыяле з Крывога Рога быў дрэнны гук. Яго было нельга адпраўляць заказчыку. Прынялі абсалютна няправільную пастанову перазняць сюжэт з тэкстам, агучаным у Крывым Рогу. Я не ведаю, ці падпісалі імя менавіта таго чалавека.

Я ў кампаніі адпрацаваў чатыры месяцы, там працуюць прафесіяналы. Такі выпадак - адзінкавы. Была прынятая няправільная пастанова, вы бачыце, якія наступствы яна мела.

Мне прапанавалі зняцца ў якасці героя, бо я нядаўна туды ўладкаваўся, маўляў, новы працаўнік. Я сумняваўся, але паехаў здымацца. Я пабаяўся адмовіць, хоць увесь час сумняваўся. Змаладушнічаў ці што. Пасля таго, як ужо знялі матэрыял, я некаторы час пахадзіў, потым папрасіў нічога не адпраўляць у Маскву. А мне сказалі на гэта, што матэрыял ужо выслалі.

Заказчык з Першага канала не быў у курсе, што так адбылося. Нельга было ўжо сказаць «Прабачце, мы вам не тое адправілі». Ролік выйшаў на Першым канале два з паловай тыдні таму. Мне ўжо тады стала і сорамна, і я спалохаўся. У дзень эфіру трое маіх знаёмых напісалі мне, што паглядзелі сюжэт. Мне так-сяк удалося ім усё растлумачыць, наўзамен пачуў масу непрыемных слоў пра сябе.

Я не меў ніякага маральнага права ў гэтым удзельнічаць. Гэта супярэчыць усім маім поглядам. Мне ў вышэйшай ступені сорамна.

Грошай за гэты ролік я не атрымліваў. Проста ўнутры кампаніі папрасілі дапамагчы, а пра наступствы ў той момант не падумаў. Я не знаходжу сабе месца. Хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх, хто гэта бачыў і не бачыў, калі за такое ўвогуле можна папрасіць прабачэння.

Пасля выхаду матэрыялу Варламава мне сталі пісаць у сацыяльных сетках з пагрозамі. Мне пішуць жудасныя абразы, а я разумею, што іх заслужыў. Не магу толькі зразумець, як я на такое пагадзіўся.

У канфлікце Украіны і Расеі я не займаю нічыёй пазіцыі. Гэта інфармацыйная вайна і мне сорамна, што стаў яе часткай.

Я вучыўся на юрфаку БДУ, скончыў магістратуру па бізнэс-адміністраванні. На практыку трапіў у тую самую кампанію, дзе пасля застаўся працаваць. Але я ўжо сышоў адтуль.

Можа, і добра, што так атрымалася. Калі ў мяне ёсць хаця б мінімальны шанец паразумецца або папрасіць прабачэння, то я хачу ім скарыстацца. Мне бясконца сорамна, гэта ганьба», - адкрыта распавёў Віталь Юрчанка.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках