26 красавiка 2024, Пятніца, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенскія ўлады адмовіліся адзначаць 100-я ўгодкі БНР разам з апазіцыяй

10
Гарадзенскія ўлады адмовіліся адзначаць 100-я ўгодкі БНР разам з апазіцыяй

Чыноўнікі адмовіліся ўдзельнічаць у шэсці разам з грамадскасцю.

Гарадзенскія ўлады адмовіліся ўваходзіць у аргкамітэт, створаны апазіцыйнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі, каб сумесна адзначыць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе «Радыё Свабода».

У адказе на зварот аргкамітэту па святкаванні 100-годзьдзя БНР гарадзенскія ўлады паведамілі, што ў горадзе на афіцыйным узроўні «разглядаецца мажлівасць правядзення навукова-даследчай канферэнцыі, выстаў літаратуры ў бібліятэках горада і шэраг іншых мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце».

Сябры аргкамітэту па святкаванні 100-годзьдзя БНР у звароце да гарадзенскіх уладаў прапанавалі папярэднюю праграму ўрачыстасцяў — правядзенне святочнага мітынгу, шэсця, канцэртаў, — якую хацелі б сумесна абмеркаваць.

Але чыноўнікі адказалі, што арганізацыя мітынгаў і шэсцяў у цэнтры гораду мясцовымі органамі ўлады адбываецца толькі падчас адзначэння дзяржаўных святаў, а, маўляў, 100-я ўгодкі БНР не ўваходзяць у гэты спіс. А таму «вашу прапанову аб далучэнні да створанага аргкамітэта прадстаўнікоў гарвыканкама лічым немэтазгоднай».

Каментуючы Свабодзе адказ уладаў на прапанову аргкамітэту, кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў сказаў, што яны імкнуліся зрабіць усё дзеля таго, каб не прыватызаваць агульнанацыянальнае свята і зрабіць яго максімальна шырокім і даступным для ўсіх.

«На жаль, гарадская адміністрацыя не бачыць мэтазгоднасці ў супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасцю Горадні. Гэта факт, падпісаны намеснікам старшыні гарвыканкаму», — кажа Саранчукоў.

У склад Гарадзенскага аргкамітэту ўваходзяць 14 арганізацый, сярод якіх апазіцыйныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Яшчэ ў студзені яны падпісалі сумесны зварот да гарадзенскіх уладаў, у якім прапанавалі сумесна адзначыць 100-я ўгодкі БНР. Абгрунтавалі гістарычнае значэнне БНР для сучаснай Беларусі, асобна падкрэсліўшы, што значная частка гісторыі БНР звязаная з Горадняй.

У звароце таксама гаварылася, што «супольнае адзначэнне гэтай даты дасць магчымасць наладзіць дыялог і ўзаемадзеянне прадстаўнікоў грамадскасці, самакіравання і адміністрацыі Горадні».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках