27 красавiка 2024, Субота, 4:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марыюш Антановіч: Літва і Польшча разам могуць замарозіць «Паўночную плынь - 2»

Марыюш Антановіч: Літва і Польшча разам могуць замарозіць «Паўночную плынь - 2»
МАРЫЮШ АНТАНОВІЧ
ФОТА: JOANNA BOŻERODSKA

Стратэгічны хаўрус дзвюх дзяржаў умацоўвае ЕЗ і ўсходні фланг NATO.

У Літве на днях адсвяткавалі 100-годдзе Аднаўлення незалежнасці краіны. Ва ўрачыстых мерапрыемствах браў удзел прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Якім будзе развіццё польска-літоўскіх стасункаў з улікам новых геапалітычных выклікаў для абедзвюх краін?

На пытанні Сharter97.org адказаў літоўскі палітолаг Марыюш Антановіч:

- Чым для Літвы з'яўляецца дзень 100-годдзя Аднаўлення незалежнасці краіны?

- Перш за ўсё гэта Дзень аднаўлення сучаснай дзяржаўнасці Літвы. Усё гэта дэманструе, што нягледзячы на цяжкае гістарычнае мінулае, савецкую і нямецкую акупацыі, ідэя літоўскай дзяржаўнасці жыве і развіваецца.

- Ці можна сказаць, што свята ўдалося выкарыстаць для рэкламы Літвы як дзяржавы ў сусветным маштабе?

- Пакуль што, на маю думку, пра гэта казаць зарана, бо ўрачыстасці толькі пачаліся і вызначыць, як яны паўплывалі на папулярнасць краіны ў свеце, можна будзе толькі ў канцы гэтага года. Аднак, нават калі нейкая стратэгія для папулярызацыі краіны пры дапамозе гэтага свята і існуе, дазволю сабе ўсумніцца, што яна выявіцца дзейснай.

Па-першае, уся афіцыйная праграма святкавання 100-годдзя Аднаўлення незалежнасці рыхтавалася са значным спазненнем, арганізатарам давялося змагацца з недахопам фінансавых сродкаў. Па-другое, у грамадстве нямала спрачаліся аб тым, наколькі праграма адпавядае ўзроўню ўрачыстасці – напрыклад, спрэчкі вакол мемарыяла на Лукішскім пляцы ў Вільні або помніка доктару Ёнасу Басанавічусу.

З іншага боку, Літва з'яўляецца чальцом Еўрапейскага Звязу і NATO і з'яўляецца гульцом глабальнай палітыкі. Таму, нават без якіх-небудзь адмысловых высілкаў, Літва ў гэтыя дні будзе карыстацца ўвагай у сусветных сродках масавай інфармацыі. Таксама я б не стаў ігнараваць грамадскія ініцыятывы, якія праводзяцца цяпер для таго, каб разрэкламаваць Літву і распаўсюдзіць інфармацыю пра стагоддзе Аднаўлення незалежнасці Літвы. Апошнія дні дэманструюць, што такіх ініцыятыў выявілася нечакана шмат і што яны цалкам у стане зрабіць рэкламу для краіны ані не горшую, чым дзяржаўныя ўстановы, а, магчыма, нават і лепшую.

- Пра што сведчыць трохдзённы візіт у Літву прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды?

- Прымаючы да ўвагі складаныя польска-літоўскія стасункі ў 1918 годзе, візіт прэзідэнта Польшчы ў Вільню на свята стагоддзя Аднаўлення незалежнасці Літвы чарговым разам сведчыць пра тое, што на палітычным узроўні ў дзяржаў няма непаразуменняў. На маю думку, гэта вельмі вялікая ўдача, пра што мы вельмі часта забываемся. Таксама гэта азначае і тое, што Літва і Польшча прадаўжаюць заставацца важнымі палітычнымі хаўруснікамі.

- Ці значыць гэта, што польска-літоўскія стасункі пачынаюць імкліва паляпшацца? У якіх сферах краіны могуць супрацоўнічаць?

- Цяпер, калі візіт ужо адбыўся, можна смела сказаць, што мы назіраем паляпшэнне польска-літоўскіх стасункаў.

Натуральна, на гэта вельмі моцны ўплывае геапалітычная абстаноўка - Расейская агрэсія ва Украіне. Чарговым фактарам, які ўплывае, з'яўляецца дамова паміж PKN Orlen (польская кампанія, якой належыць нафтаперапрацоўчы комплекс у Мажэйкяй) з Літоўскімі чыгункамі. Дзякуючы гэтаму з'явілася магчымасць далей развіваць супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі паміж абедзвюма краінамі.

Таксама хацелася б адзначыць, што Літва ўстрымліваецца ад крокаў, якія маглі б паўплываць на становішча польскай меншасці, а прэзідэнт Польшчы прытрымліваецца думкі, што толькі пры дапамозе дыялогу можна развязаць праблемы польскай меншасці ў Літве.

Думаю, дзякуючы гэтай сітуацыі, Літва і Польшча ў кароткатэрміновай перспектыве перыядзе здолеюць дамагчыся рэалізацыі такіх геапалітычных мэтаў як: затрымка будаўніцтва праекту «Паўночная плынь - 2», сінхранізацыя энэргетычных сетак Літвы з Заходняй Еўропай, умацаванне ўсходняга фланг NATO.

Падводзячы вынікі, хацелася б адзначыць, што яшчэ большы поспех магчымы ў выпадку, калі сітуацыя польскай меншасці пачне паляпшацца. У такім выпадку, вынікі супольнага супрацоўніцтва могуць быць яшчэ больш важкімі, напрыклад, можна было б дамагчыся эфектаў ва ўсходняй палітыцы ЕЗ, асабліва ў дачыненні да Украіны, Беларусі і Грузіі. З іншага боку, дзякуючы стратэгічнаму партнёрству паміж Літвой і Польшчай можна было б узмацніць супрацоўніцтва паміж усімі краінамі балтыйскага рэгіёну, наблізіць Швэцыю і Фінляндыю да NATO.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках