26 красавiка 2024, Пятніца, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыватных міжгародніх маршрутак больш не будзе?

57
Прыватных міжгародніх маршрутак больш не будзе?

Ужо з панядзелка праз новыя варункі правозу шматлікія прыватныя прадпрымальнікі плануюць не выйсці ў рэйс.

Беларусы прывыклі да прыватных міжгародніх маршрутак. Яны таннейшыя, больш мабільныя, ездзяць туды, куды не дабіраюцца дзяржаўныя аўтобусы, працуюць да позняга вечара, піша kp.by. Ды і такія прыемныя дробязі, як кандыцыянер, тэлевізар ці бясплатны Wi-fi заўсёды радуюць пасажыраў. Але з наступнага панядзелка прыватныя маршруткі могуць знікнуць. Ужо сёння набыць квіток або зарэзерваваць месца на наступны тыдзень немагчыма. Што адбылося?

Цяпер гэты тып дзейнасці называецца «нерэгулярнымі аўтамабільнымі перавозкамі пасажыраў». Галоўнае адрозненне ад рэгулярных перавозак - не трэба ўзгадняць расклад з дзяржорганамі. Кіроўцы збіралі пасажыраў па-рознаму: праз тэлефон, праз сайты і мабільныя дастасаванні, падбіралі на вакзале і гэтак далей.

З 26 лютага нерэгуляршчыкі павінны стаць рэгуляршчыкі. А менавіта - перайсці на іншую схему працы: адпраўляцца з вакзала, ездзіць вызначаным маршрутам і спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках, распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў, колькасць рэйсаў на маршруце і іншае. А самае галоўнае - плаціць за паслугі аператару аўтамабільных перавозак і аўтавакзала.

Як выявілася, маршрутчыкі аб будучых зменах даведаліся не сёння. Лісты ад транспартнай інспекцыі нерэгуляршчыкі сталі атрымліваць яшчэ ў канцы мінулага года.

- Некалькі разоў для перавозчыкаў праводзілі сходы, дзе абмяркоўвалі будучыя змены ў законе. Вядома, мы выказвалі сваё бачанне праблемы, - распавёў адзін з прыватных прадпрымальнікаў. - Па-першае, бюракратыя: мы павінны даць аператару спіс сваіх аўто з указаннем маркі і мадэлі, года выпуску, шмат іншых дакументаў. На кожны маршрут будзе пэўная квота: выберуць толькі найлепшых, а гэта значыць, што шмат хто застанецца без працы. Па-другое, трэба аплачваць паслугі аўтавакзалаў. Па-трэцяе, усе атрыманыя за квіткі грошы будуць праходзіць праз касу аўтавакзала, а мы іх будзем атрымліваць толькі ў канцы месяца. Праз гэта давядзецца падняць кошты квіткоў, а гэта значыць, што пасажыраў стане менш. Але, відавочна, нашага меркавання ніхто не пачуў. Таму з панядзелка многія перавозчыкі вымушаныя будуць спыніць сваю працу.

Вядома, не задаволеныя і самі пасажыры:

- З Менска ў Беразіно аўтобусы ходзяць прыкладна шэсць разоў на дзень, - распавёў жыхар Беразіно. - Прычым апошні аўтобус у будны дзень з'язджае а 18 гадзіне. А маршруткі са станцыі метро «Магілёўская» ходзяць да позняга вечара. Можна нават не рэзерваваць месца: проста прыязджаеш на «Магілёўскую» - і там заўсёды стаіць мікрааўтобус. Да Беразіно ён едзе прыкладна гадзіну, а рэйсавы аўтобус дарогай заязджае ва ўсе мястэчкі, спыняецца на ўсіх прыпынках, таму на ім ехаць ажно дзве з паловай гадзіны.

Міністэрства транспарту пакуль не каментуе сітуацыю:

- На наступным тыдні мы арганізуем з гэтай нагоды прэс-канферэнцыю, - паабяцала кіраўніца аддзела арганізацыйнай і прававой работы Міністэрства транспарту Кацярына Парфенчык.

88% пасажыраў выбіраюць прыватных перавозчыкаў

У паблік «Транспарт Беларусь» правялі галасаванне, у якім узялі ўдзел 16 тысяч карыстальнікаў сацыяльных сетак. Выявілася, што 88% прагаласаваўшых карыстаюцца прыватнымі перавозчыкамі, усяго 2% - дзяржаўнымі. Яшчэ 10% абралі варыянт «Усё адно, абы даехаць».

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках