Упершыню ў гісторыі беларускі стартап прайшоў адбор у легендарны Y Combinator
2- 3.02.2018, 21:02
- 10,000
Беларускі стартап атрымае $120 тысяч.
Сузаснавальнік Storyline Васіль Шынкарэнка паведаміў на старонцы ў Facebook, што праект трапіў у зімовы набор акселератара Y Combinator, піша dev.by.
Разам з ім навучацца ў прэстыжным акселератары будзе CTА і сузаснавальнік Storyline Максім Абрамчук. Нагадаем, Storyline распрацоўвае асяродак для стварэння «навыкаў» для галасавых памочнікаў без ведаў праграмавання. І ў сувязі з новым этапам у развіцці праекта стартап шукае супрацоўнікаў.

Падрабязнасці працы праекта беларусаў апісаў TechCrunch. Са слоў Васіля Шынкарэнкі, на стварэнне большасці больш-менш стандартных навыкаў спатрэбіцца не больш 5-7 хвілін. Пачаць распрацоўку вельмі проста - дастаткова зарэгістравацца ў сэрвісе і выбраць тып галасавога дадатку, які трэба стварыць. Пасля гэтага карыстальнік атрымае доступ да канструктару, у якім зможа апісаць логіку працы «навыку» - без адзінага радка кода.
Затым карыстальнік можа праверыць работу створанага дадатку простаў браўзэры, а пасля - загрузіць на платформу Amazon. З інфармацыі TechCrunch, Storyline выкарыстоўвалі двое фіналістаў нядаўняга конкурсу дзіцячых дадаткаў для Alexa.
З моманту запуску Storyline у кастрычніку 2017 года блізу 3 тысяч чалавек стварылі уліковыя запісы на платформе і распрацавалі параўнальную колькасць «навыкаў». Блізу 200 з іх можна спампаваць у Amazon Skill Store.
Выкарыстанне сэрвісу бясплатнае, але цягам тыдня Storyline прапануе прэміяльныя магчымасці, за якія трэба будзе плаціць. Затым стартап плануе прапанаваць шаблоны для паскарэння стварэння галасавых дадаткаў і магчымасць іх публікацыі на іншых пляцоўках - найперш, Google Home.
Y Combinator - заснаваны прадпрымальнікам Полам Грэмам і групай інвестараў у 2005 годзе венчурны фонд, які працуе ў фармаце бізнэс-інкубатар. Двойчы на год фонд адбірае блізу сотні кампаній і інвестуе ў кожную амаль $120 тысяч у абмен на 7-адсоткавую дзель у стартапе. Праграма доўжыцца тры месяцы, і за гэты час стартапам дапамагаюць стварыць і палепшыць прадукт, а таксама знайсці інвестараў.