26 красавiка 2024, Пятніца, 13:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палова маладых беларусаў хоча працаваць за мяжой

4
Палова маладых беларусаў хоча працаваць за мяжой

Пры выбары працы самай важнай названая магчымасць атрымліваць добры заробак.

У Менску былі апублікаваныя вынікі сацыялагічнага даследавання, накіраванага на выяўленне слабых месцаў сучаснай сістэмы сярэдняй адукацыі. Даследаванне праводзілася Даследчым цэнтрам ІПМ. На пытанні анкеты адказала 1 тысяча чалавек ад 17 гадоў да 21 года, якая атрымала ці працягвае атрымліваць сярэднюю адукацыю, піша «Ежедневник».

Найбольш цікавіць - інфарматыка, найменш - беларуская мова

Напрыклад, у выніку даследавання высветлілася, што найбольшую цікавасць сярод вучняў сярэдніх навучальных устаноў выклікаюць такія прадметы, як інфарматыка, фізічная культура і здароўе, таксама медыцынская падрыхтоўка.

Пры гэтым найменшай цікавасцю сярод рэспандэнтаў карыстаюцца беларуская мова, чарчэнне і беларуская літаратура, што, на думку экспэртаў, паказвае на неабходнасць перагляду праграм і падыходаў да навучання гэтых прадметаў.

А вось першую пяцёрку рэйтынгу найважнейшых школьных прадметаў адкрываюць замежныя мовы. Таксама ў спісе самых важных школьных прадметаў, на думку рэспандэнтаў, была расейская мова, матэматыка, інфарматыка, і, што цікава, медыцынская падрыхтоўка.

Падчас даследавання таксама была вызначаная адзнака рэспандэнтамі якасці школьнай адукацыі наконт такога параметру, як дастатковасць школьных ведаў для паступлення ў ВНУ.

Даследчыкі звяртаюць увагу, што ў гэтым пытанні думкі падзяліліся прыкладна напалову. Горш за ўсіх дастатковасць ведаў ацанілі выпускнікі гімназій. Значна лепш - выпускнікі ліцэяў і каледжаў.

Адказваючы на пытанне: «Якія з прадметаў спатрэбіліся пасля заканчэння сярэдняй навучальнай установы», большасць удзельнікаў апытання назвала расейскую мову (53,7%). Беларуская мова апынуўся патрэбная толькі 16,1% выпускнікоў, матэматыку адзначылі і зусім 7,6% апытаных. Астатнія прадметы, мяркуючы з атрыманых звесстак, амаль зусім не спатрэбіліся.

Якая колькасць гатовая з'ехаць працаваць за мяжу?

Згодна з вынікамі даследавання таксама высветлілася, што цяпер прадстаўнікі маладога пакалення пры выбары працы ставяць на першае месца магчымасць атрымліваць добры заробак. Далей па значнасці цікавасць у працы. Такі чынніік, як жаданне прыносіць карысць грамадству, людзям, апытаныя паказалі як найменш важнае патрабаванне да працы.

Даследнікі адзначаюць, што важным паказчыкам пры аналізе рынку працы таксама з'яўляюцца міграцыйныя ўстаноўкі патэнцыйнай рабочай сілы. І як паказала апытанне, амаль палова рэспандэнтаў гатовая працаваць за мяжой пры больш выгадных умовах, а амаль пятая частка з'едзе працаваць за мяжу пры першай магчымасці. Такі ўзровень намераў пакінуць краіну, на думку экспэртаў, можна разглядаць як досыць высокі.

Характэрна, што сярод тых, хто гатовы з'ехаць за мяжу пры больш выгадных умовах, дзель рэспандэнтаў з выдатнымі ацэнкамі складае 59% і 48,5% - з добрымі. Гэта значыць, атрымліваецца, што айчынны рынак працы становіцца недастаткова прывабным для самых важных і паспяховых катэгорый выпускнікоў сярэдніх навучальных устаноў.

Асноўная праблема - актуалізацыя

Рэзюмуючы вынікі даследавання, сацыёлаг Даследчага цэнтра ІПМ Дар'я Урбан патлумачыла, што, на думку шэрагу экспэртаў, сістэма сярэдняй адукацыі мае патрэбу ў сур'ёзным пераўтварэнні.

Сярод асноўных праблем сярэдняй адукацыі сацыёлаг выдзеліла, найперш, яе неактуальнасць і тое, што яна не адказвае запытам рынку працы.

«Свет развіваецца вельмі хутка, многае старэе. Пры такой актыўнай дынаміцы састарэлая мадэль перадачы ведаў не працуе. На думку настаўнікаў, з якімі мне даводзілася камунікаваць падчас даследавання, самы галоўны навык, які можа даць сёння школа, - гэта ўменне вучыцца, іншымі словамі, не завучваць матэрыял, не запамінаць інфармацыю, а ўмець яе знайсці і правільна выкарыстаць. А гэтага акурат беларускія школьнікі і не атрымліваюць», - сказала яна.

Дар'я Урбан таксама звярнула ўвагу на яшчэ адзін важны момант: на погляд экспэртаў, цяперашняя сістэма адзнак правакуе боязь памылак.

«Як паказала даследаванне, дзіця сёння ведае, што калі яно атрымае дрэнную адзнаку, за гэтым будуць санкцыі: на яго могуць насварыцца бацькі і г.д., - адзначыла даследчыца. - Далей гэтае дзіця, ужо, стаўшы дарослым, выходзіць на рынак працы, дзе яно прадаўжае паводзіць сябе паводле накатанай схемы, гэта значыць баіцца рабіць памылкі».

«Боязь рабіць памылкі ў наступным спараджае не самых эфектыўных удзельнікаў рынку працы. Такія людзі, як правіла, не праяўляюць творчай ініцыятывы, не генеруюць новыя ідэі і г.д., што ў сваю чаргу адбіваецца негатыўна і на эканоміцы», - рэзюмавала Дар'я Урбан.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках