«Альбо мы, альбо яны»: берасцейцы далей змагаюцца з акумулятарным заводам
3- 14.03.2018, 11:06
- 11,314
Людзі настроеныя рашуча і гатовыя бараніць сваю пазіцыю.
Пратэсты супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода «Айпауэр» не сціхаюць, хоць і набываюць новыя формы. У канцы лютага адбылося першае судовае пасяджэнне паводле пазову да заводу і раённых уладаў з боку берасцейцаў. А на мінулым тыдні актывісты сустракаліся з памочнікам Лукашэнкі Васілём Герасімавым, а гараджане паўдзельнічалі ў гарадскім мітынгу, на якім абмяркоўвалі свае далейшыя дзеянні і кармілі галубоў.
Праваабаронца і грамадскі актывіст Раман Кісляк распавёў «Зялёнаму парталу», ці дапамогуць гэтыя падзеі развязаць пытанне з праблемнай вытворчасцю:
«Мы ведаем аб парушэннях, якія ва ўпор не заўважаюцца»
Трэба сказаць, што я не прысутнічаў на гэтай сустрэчы. На ёй былі два актывісты: Аляксандр Кабанаў і Дзмітрый Бекалюк. Яны сустрэліся з памочнікам Лукашэнкі і давялі да яго новую інфармацыю, што на «Айпауэр» будзе арганізавана ліцейная вытворчасць з аб'ёмам больш за 13 тысяч тон свінцу і яго сплаваў на год. Тэхналогія ачысткі ў частцы ліцейнай вытворчасці на будаваным заводзе не распрацаваная: ні ў АУНА (задакументаваная ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе), ні ў праектнай дакументацыі прадпрыемства.
Сістэмы ачысткі і фільтрацыі менавіта ліцейнага ўчастка заводу не распрацаваныя, і не зразумела, як яны ачысткі будуць улоўліваць высокатэмпературныя аэразольныя выкіды свінцу.
Яны дамаўляліся, што пададуць дакументы, якія даводзяць іх пазіцыю, і 12 сакавіка зрабілі гэта. Што тычыцца перспектыў, то кожная такая сустрэча і зварот набліжаюць нас да заканчэння эпапеі барацьбы супраць акумулятарнага завода. Наколькі гэта будзе эфектыўна, сказаць складана. Тым не менш, рабіць гэта трэба, каб улады чулі нас, каб мы мелі магчымасць падаць факты, і яны правяраліся, праводзілася праверка і расследаванні.
Мясцовыя ўлады таксама перыядычна ўваходзяць [з намі] у кантакт. Была сустрэча ў берасцейскім райвыканкаме. Праблема ў тым, што гэтыя размовы не прыводзяць да выніку. Чыноўнікі спрабуюць пераканаць нас, актывістаў, берасцейцаў, жыхароў Берасцейскага раёна, што ўсё выдатна і добра, што гэта будзе бяспечная вытворчасць. І будаўніцтва праходзіць у адпаведнасці з законам і ніякіх парушэнняў няма. Але ёсць праблема - мы ведаем аб парушэннях, якія ва ўпор не заўважаюцца. Ідзе іншая рыторыка.
Што тычыцца памочніка Лукашэнкі, як мне паведамілі, ён усё выслухаў і сказаў, што будзе створаная камісія, якая будзе правяраць агучаныя факты. Мы выйшлі на новы ўзровень кантролю - калі будуць знойдзеныя парушэнні, то тыя [чыноўнікі], хто дазволіў будоўлю, будуць адказваць, што дапусцілі парушэнні, якія прывялі да такога скандалу.
«Большасць людзей выказаліся, што яны супраць заводу»
У Берасці, і наогул у Беларусі, заканадаўства аб масавых мерапрыемствах такое, што вельмі складана правесці мітынг, пікет ці сход. Таму я думаю, што [сустрэча на плошчы Леніна 11 сакавіка] прайшла досыць эфектыўна, вынікова. Такія акцыі ва ўсім свеце называюцца інфармацыйнымі. Людзі выходзяць на пікет, каб распаўсюдзіць інфармацыю, што яны супраць пэўных дзеянняў або падзей.
У нас таксама была інфармацыйная акцыя, каб данесці да людзей інфармацыю, што існуюць апаненты і яны выказваюцца рашуча супраць завода. Але пакуль прыходзяць не столькі людзі, колькі актывісты. Нас крытыкуюць, што з 37 тысяч чалавек, якія падпісаліся супраць «Айпауэр», выходзіць на мітынг усяго 150-200 гараджан. Неабходна падкрэсліць, што далёка не ўсе людзі могуць выйсці [на мітынг], удзельнічаць у ім. Тым больш, [беларускае] заканадаўства такое, што ўсе мерапрыемствы фактычна пастаўленыя па-за законам, і кожны, хто ўдзельнічае ў іх, можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, як паказаў досвед блогераў Пятрухіна і Кабанава, аштрафаваных сумарна на 1 200 даляраў за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
<...> Большасць [тых, хто прыйшоў] людзей выказаліся, што яны супраць завода. Былі ўдзельнікі, якія наогул міма праходзілі, і затым далучыліся, засталіся на гэтай сустрэчы. Праблема акурат у тым, што няма пакуль магчымасці правесці санкцыянаваную акцыю. Але ў гэтым кірунку работа вядзецца.
«Людзі настроеныя рашуча, гатовыя бараніць сваю пазіцыю»
Што тычыцца прававых падстаў [для прыпынення будаўніцтва завода], то яны ёсць. Чаму грамадскія абмеркаванні не праходзяць? Таму што берасцейцы скажуць «не» гэтаму заводу. Я таксама мяркую, што завод не павінен знаходзіцца ў такой блізкасці ад Берасця.
Якія б ні былі там фільтры, такога завода не павінна быць. Таму што, на жаль, мясцовыя ўлады паказалі няздольнасць абмяжоўваць бізнэс у плане абароны насельніцтва ад яго шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Таму я мяркую, што ў такіх умовах завода пад Брэстам не павінна быць у прынцыпе.
Мы даўно тут жывем, і пытанне зараз стаіць рубам - альбо мы, альбо яны. Ёсць людзі, якія хочуць разабрацца, але большая частка гараджан настроеная негатыўна ў дачыненні да завода. У кожным выпадку, шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не пазбегнуць. І людзі настроеныя рашуча, гатовыя бараніць сваю пазіцыю.
Многія не хочуць жыць побач з гэтым заводам і ім давядзецца з'ехаць. Гэта сур'ёзны аргумент. Я думаю, што мы абаронім сваё права жыць у чыстым горадзе.