Дзяніс Штылерман: Восенню будзем выпрабоўваць балістыку па Расіі
- 8.07.2026, 23:43
- 1,272
Першай мэтай стане Масква.
Выпрабаванні ўкраінскай балістычнай ракеты па мэтам на тэрыторыі Расіі пачнуцца ўжо восенню 2026 года. Такі прагноз у інтэрв'ю LIGA.net выказаў сузаснавальнік і галоўны канструктар украінскай абароннай кампаніі Fire Point Дзяніс Штылерман.
З'яўленне ўласнай балістычнай ракеты можа істотна пашырыць магчымасці Сіл абароны Украіны ў дачыненні да паражэння стратэгічных ваенных мэт РФ.
Паводле слоў Штылермана, цяпер праект аддзяляюць ад наступнага этапу толькі выпрабаванні рухавіка.
«Як толькі мы выпрабуем рухавік – пачнем лётныя выпрабаванні. Як толькі ўбачым, што ракета кіраваная і выконвае дзеянні, зададзеныя алгарытмам, – перайдзем да выпрабаванняў па Расіі», – сказаў Штылерман.
На пытанне пра тое, калі гэта можа адбыцца, ён адказаў, што разлічвае на пачатак такіх выпрабаванняў ужо восенню.
«Я думаю, што восенню мы ўжо будзем выпрабоўваць нашы ракеты па Расіі», – дадаў сузаснавальнік Fire Point.
Адказваючы на пытанне пра тое, якія расійскія аб'екты патэнцыйна могуць стаць мэтамі пасля завяршэння выпрабаванняў, Штылерман заявіў, што гаворка ідзе перадусім пра Маскву і добра абароненыя ваенныя прадпрыемствы.
«Па-першае, гэта Масква, ... іх добра абароненыя ваенныя прадпрыемствы. І самае галоўнае – я практычна на 100% упэўнены, што яны не змогуць належным чынам перахопліваць», – сказаў ён.
Штылерман выказаў меркаванне, што расійскія сістэмы супрацьпаветранай абароны не маюць дастатковага досведу перахопу балістычных ракет, а ўкраінскі бок хутчэй будзе адаптаваць сродкі пераадолення СПА.