26 красавiка 2024, Пятніца, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Прыбытковыя прадпрыемствы падграбае пад сябе Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі

7
Эканаміст: Прыбытковыя прадпрыемствы падграбае пад сябе Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі
УЛАДЗІМІР КАВАЛКІН
ФОТА: ONLINER.BY

Гэта ўносіць скажэнні ў рынкавую эканоміку.

Як заявіў у эфіры дзяржаўнай тэлевізіі кіраўнік Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Беларусі Віктар Шэйман, прадпрыемствы, якія належаць гэтай арганізацыі, зарабілі ў 2017 годзе чысты прыбытак на суму 120 мільёнаў рублёў, піша сайт «Салiдарнасць».

Пры гэтым, станоўчае сальда вонкавага гандлю прадпрыемстваў склала вялікую суму на 194 мільёны даляраў.

З чым звязаныя эканамічныя поспехі прадпрыемстваў Кіраўніцтва спраў, у лік якіх уваходзяць такія актывы, як агракамбінат «Мачулішчы», «Парытэтбанк», прадпрыемства «Малочны гасцінец», «Беларусьгандаль» і іншыя?

- Гэта абсалютна ненармальная сітуацыя, калі найбольш прыбытковыя прадпрыемствы збіраюцца пад Кіраўніцтва спраў, - пракаментаваў сітуацыю эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін. - Адпаведна, увесь прыбытак застаецца там жа. Гэта ўносіць скажэнні ў рынкавую эканоміку.

На думку суразмоўцы, «гэта ставіць прыватныя прадпрыемствы на рынку ў абсалютна не роўныя варункі».

- Мы разумеем, што ў такіх прадпрыемстваў, набліжаных да Лукашэнкі, ёсць магчымасць дамаўляцца, развязваць праблемныя пытанні ў кулуарах. А ў звычайнага прыватнага бізнэсу такой магчымасці няма, - кажа ён.

Кавалкін мяркуе, што Кіраўніцтва спраў «павінна займацца не бізнэсам, а выключна, тым, каб забяспечваць гаспадарчы складнік дзейнасці кіраўніка дзяржавы».

Эканаміст звязвае поспех прадпрыемстваў сістэмы не дзеля таго, што ў іх нібыта больш парадку, бо яны знаходзяцца пад пільным наглядам кіраўніка дзяржавы, а з тым, што для іх проста ствараюцца больш лаяльныя ўмовы.

- Просты прыклад. Кіраўніцтва спраў кіруе вялікай колькасцю нерухомасці і адначасова займаецца развіццём сетак аптэк. Гэта значыць, цалкам можа выступаць арандатарам гэтай самай нерухомасці. Зразумела, што гэта будзе адбывацца зусім не на рынкавых умовах.

Адсюль і поспехі: яны звязаныя альбо з пэўнымі манаполіямі, альбо з нейкімі негалоснымі прэферэнцыямі, мяркуе экспэрт.

- Чаму ў Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі трапляюць у асноўным прыбытковыя прадпрыемствы? Таму што ёсць магчымасць падгрэбці іх пад сябе. Непрыбытковыя прадпрыемствы ім проста нецікавыя.

А вось калі ўмоўны МАЗ ці МТЗ ажыве, палепшыцца кан'юнктура на расейскім рынку, пойдуць продажы - то на гэтыя прадпрыемствы тут жа звернуць увагу дасведчаныя людзі. І захочуць імі кіраваць, - тлумачыць кіраўнік праекта «Кошт урада».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках