26 красавiка 2024, Пятніца, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Родчанкаў апавёў пра савецкую допінг-праграму на Алімпіядзе-80

7
Родчанкаў апавёў пра савецкую допінг-праграму на Алімпіядзе-80
ФОТА: MBAAS.RU

На Алімпіядзе 1980 года ў Маскве дзейнічала допінгавая сістэма, падобная на тую, што ў 2014 годзе выкарыстоўвалася на АГ у Сочы.

Пра гэта апавёў былы кіраўнік Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі і інфарматар WADA Рыгор Родчанкаў дацкім журналістам, паведамляе РБК са спасылкай на Play the Game.

Сярод іншага, журналісты, якія працуюць над тэмай допінгу ў расейскім спорце, у адным з гарадоў Канады (у якім менавіта, не ўдакладняецца) узялі інтэрв'ю ў Родчанкава праз ягонага адваката Джыма Уолдэна. У ім Родчанкаў сцвярджае, што ключавую ролю ў гэтай праграме згулялі тры чалавекі – былы супрацоўнік Расейскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) і чалец медыцынскай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Віталь Сямёнаў (стаў пасля інфарматарам WADA), кіраўнік Дзяржкамспорту ў спартыўнай медыцыне і допінг-кантролі Анатоль Каўрыжных і ягоны намеснік Генадзь Маркаў.

Паводле словаў Родчанкава, кіраўніком маскоўскай лабараторыі быў Сямёнаў. Маркаў адказваў за допінг-кантроль, чалавек з прозвішчам Карабочын, паводле словаў Родчанкава, падмяняў узоры мачы, а таксама быў адказным за набыццё допінг-прэпаратаў.

Родчанкаў запэўнівае, што ў той час найбольш часта ўжывальнымі прэпаратамі, якія ня выяўляліся, былі станазалол, арал турынабол і тэстастэрон. Родчанкаў удакладніў, што не працаваў у лабараторыі падчас Алімпіяды-80, але патрапіў туды крыху пазней. «Калі я прыйшоў у лабараторыю ў 1985 годзе, існавала сістэма падачы няправільных звестак пра станоўчыя тэсты для абароны спартоўцаў, якія ўжывалі допінг. КДБ часта бываў у лабараторыі, каб дапамагаць падчас вялікіх спаборніцтваў. КДБ дапамагаў мяняць брудныя спробы на чыстыя», – апавёў Родчанкаў.

Паводле ягоных словаў, на Гульнях 1988 года ў Сеуле лабараторыя праводзіла папярэднія тэсты, каб пераканацца, што экзагенны тэстастэрон сышоў з арганізма спартоўцаў. Маркаў і Каўрыжных пасля Гульняў у Сеуле памерлі пры загадкавых абставінах, апавёў Родчанкаў. На самай справе Маркаў памёр пазней, у 2010-м, вынікае з гэтай жа публікацыі са спасылкай на звесткі мэрыі Масквы.

Версію пра існаванне допінг-праграмы на Алімпіядзе-80 дацкім журналістам пацвердзіў і іншы суразмоўца – былы агент КДБ Уладзімір Папоў, з якім журналісты таксама сустрэліся ў Канадзе. Паводле ягоных словаў, праграма была запушчаная ў 1978 годзе падчас чэмпіянату Еўропы ў стральбе ў Капенгагене. Там Папоў завербаваў Маркава ў якасці агента КДБ. Іншы супрацоўнік КДБ, Барыс Паркін, падчас Алімпіяды-80 быў антыдопінгавым інспектарам і займаўся падменай спробаў на спаборніцтвах. Пасля заканчэння спаборніцтваў ён атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі.

У жніўні 2016 года The New York Times са спасылкай на былога галоўнага лекара зборнай СССР Рыгора Вараб'ёва пісала пра дзяржаўную допінг-праграму для падрыхтоўкі атлетаў да Алімпіяды 1984 г. у Лос-Анджэлесе.

Сцвярджэнні пра савецкую допінг-праграму на Алімпіядзе-80 бяздоказныя, паказала ў гутарцы з РБК трэнер у фігурным катанні Таццяна Тарасава. «Я ўдзельнічала ва ўсіх Алімпіядах і нічога не ўжывала. Калі б допінг ужываўся, гэта было б выяўлена і гэтыя людзі ўжо даўно б не працавалі», – падкрэсліла яна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках