26 красавiка 2024, Пятніца, 21:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Prawna: Польшча можа выслаць расейскіх дыпламатаў

Gazeta Prawna: Польшча можа выслаць расейскіх дыпламатаў

Прэм'ер Матэуш Маравецкі пагутарыў на тэму санкцый супраць РФ з брытанскім прэм'ерам Тэрэзай Мэй.

Польшча з салідарнасці з Вялікай Брытаніяй можа выслаць з краіны расейскіх дыпламатаў.

Пра гэта стала вядома польскаму выданню Gazeta Prawna ад крыніц ва ўрадзе.

Як адзначае выданне, Польшча разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць Расеі ў сувязі са справай экс-шпіёна Скрыпаля. Акрамя высылкі дыпламатаў, Польшча можа ўвесці і іншыя санкцыі, накіраваныя супраць расейскай эканамічнай дзейнасці і асяроддзя Уладзіміра Пуціна.

Абмеркаванне ўвядзення санкцый прадаўжаецца з мінулага тыдня, але пастанову адкладалі да атрымання вынікаў выбараў у РФ.

Напярэдадні польскі прэм'ер Матэуш Маравецкі пагутарыў на гэтую тэму з брытанскім прэм'ерам Тэрэзай Мэй. Справа атручвання былога шпіёна будзе таксама ў цэнтры сённяшніх перамоў Маравецкага і канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель, якая ў панядзелак наведвае Варшаву.

Пастанова аб санкцыях будзе залежаць і ад сённяшняй сустрэчы міністраў замежных спраў у Брусэлі. З пункту гледжання польскага ўрада, найлепшым сцэнарам з'яўляюцца супольныя дзеянні супраць РФ на ўзроўні ЕЗ. Зрэшты, Польшча гатовая адрэагаваць і самастойнымі санкцыямі супраць Расеі.

Вялікая Брытанія высылае з краіны 23 расейскіх дыпламатаў і спыняе ўсе дыпламатычныя кантакты з РФ на высокім узроўні праз атручванне былога расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.

17 сакавіка Расея абвясціла пра высылку 23 дыпламатычных супрацоўнікаў амбасады Вялікай Брытаніі ў Маскве, а таксама адклікала згоду на адкрыццё і функцыянавання генеральнага консульства Вялікай Брытаніі ў Санкт-Пецярбургу. Акрамя таго ў МЗС РФ паведамілі пра закрыццё Брытанскай Рады ў Расеі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках