6 траўня 2024, панядзелак, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яцэк Чапутовіч: Становішча Польшчы ў свеце з'яўляецца следствам яе моцнай пазіцыі ў Еўропе

Яцэк Чапутовіч: Становішча Польшчы ў свеце з'яўляецца следствам яе моцнай пазіцыі ў Еўропе

Кіраўнік МЗС Польшчы прадставіў у Сейме асноўныя задачы замежнай палітыкі дзяржавы на 2018 год.

Міжнароднае становішча Польшчы з'яўляецца следствам яе моцнай пазіцыі ў Еўропе. Як паведамляе «Радыё Польшча», пра гэта сказаў польскі міністр замежных спраў Яцэк Чапутовіч падчас абвяшчэння ў Сейме асноўных задач замежнай палітыкі дзяржавы на 2018 год.

Яцэк Чапутовіч прадставіў чатыры асноўныя тэзісы: пра Еўрапейскі Звяз, бяспеку і дачыненні са Злучанымі Штатамі, палітыку ў дачыненні да Расеі і пазіцыі Польшчы ў свеце.

«Крыніцай польскай прывабнасці і ў той жа час здольнасці эфектыўна ўплываць на працэсы прыняцця пастаноў, у якасці хаўрусніка NATO ці партнёра ў структурах Еўрапейскага Звязу, з'яўляецца здольнасць выразна фармуляваць інтарэсы дзяржаў нашага рэгіёну і выступаць у якасці іх адваката», - сказаў ён.

Кіраўнік МЗС таксама падкрэсліў, што гэта можа адбывацца пры поўнай павазе палітычнай суб'ектыўнасці партнёраў-суседзяў.

«На Польшчы, найбольшай дзяржаве ў рэгіёне, ляжыць цяжар прасоўвання і абароны інтарэсаў рэгіянальных партнёраў краіны», - дадаў міністр.

Кажучы пра Еўрапейскі Звяз, Яцэк Чапутовіч сказаў, што Супольнасць перажывае крызіс, як у інстытуцыйнай і аксіялагічнай сферах, так і ў сферы замежнай бяспекі. Ён падкрэсліў, што крызіс дэмакратычных працэдур у дзяржавах-чальцах і перадача рэальных вызначальных працэсаў нефармальным органам вядзе да паслаблення пазіцыі ЕЗ, росту еўраскептыцызму і рэнацыяналізацыі палітыкі еўрапейскіх краін.

Кіраўнік польскай дыпламатыі таксама казаў аб вайсковай прысутнасці Злучаных Штатаў у Еўропе і іх моцнай пазіцыі ў NATO, якая, як ён падкрэсліў, мае асноватворнае значэнне для вайсковай бяспекі Польшчы і ўсяго рэгіёну.

«У інтарэсе Польшчы і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з'яўляецца сталая прысутнасць ЗША і Паўночнаатлантычнага альянсу ў гэтай частцы свету. Таксама Польшча зацікаўленая падтрымліваць моцныя трансатлантычныя сувязі. Іх сталае ўмацаванне і развіццё з'яўляюцца асноўнай задачай палітыкі бяспекі Польшчы», - сказаў ён.

Міністр таксама падняў пытанне пра пагрозу стварэння ладу Польшчы як суб'екта ў міжнародных стасунках. У гэтым кантэксце ён паказаў на палітыку Расеі.

«Расея імкнецца да перагляду палітычнага парадку ў Еўропе, які быў сфармаваны пасля 1989 году і прывёў Польшчу да аднаўлення незалежнасці. Спосабы для дасягнення гэтай мэты - дэстабілізацыя шматлікіх рэгіёнаў у блізкім і далёкім суседстве Польшчы, дзеянні, накіраваныя на абвастрэнне палітычных рознагалоссяў унутры асобных дзяржаў, а таксама і паміж імі, руйнуючы трансатлантычнае адзінства і паглыбляючы рознагалоссі ў рамках Еўрапейскага Звязу», - падкрэсліў Яцэк Чапутовіч.

Ён сказаў, што неабходна падтрымліваць палітычны дыялог з Расеяй, але яго сутнасць не можа палягаць у тым, каб ігнараваць цяперашнюю агрэсіўную палітыку Крамля ў дачыненні да Захаду. Кіраўнік польскай дыпламатыі дадаў, што ў апошнія гады Расея парушыла многія з прынятых дамоваў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках