Актывіст са Смаргоні дамогся бясплатнага праезду для школьнікаў
3- 8.03.2018, 16:15
- 13,483
Пасля звароту праваабаронцы льготы вярнулі і дадалі новыя.
У Смаргоні з кастрычніка 2017 года навучэнцам школ было забаронена бясплатна ездзіць да месца вучобы і дадому на экспрэс-маршрутах аўтатранспарту рэгулярных злучэнняў, паведамляе «Гродзенская вясна».
Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў звярнуўся ў Смаргонскі райвыканкам з просьбай патлумачыць, адкуль узялася забарона, бо пастановай савета міністраў ад 16.02.2011 №202 устаноўленая льгота навучэнцам на бясплатны праезд ад месца жыхарства да месца вучобы на аўтатранспарце агульнага карыстання рэгулярнага злучэння штогод з 1 верасня да 30 чэрвеня, без выключэння экспрэс-маршрутаў. У адказе ж на зварот райвыканкам паведаміў, што такая забарона ўведзеная пастановай Гарадзенскага абласнога «савета дэпутатаў» ад 2017.10.16 №286 «Аб дадатковых захадах у сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў».
Пасля звароту Алеся Дзергачова ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці высветлілася, што смаргонскія ўлады няправільна зразумелі гэтую пастанову абласнога «савета» і замест пашырэння льгот скарацілі наяўныя, то бок, забаранілі ездзіць бясплатна на вучобу і назад у экспрэс-маршрутамі.
Такім чынам, калі пастанова савета міністраў дазваляла бясплатна ездзіць навучэнцам толькі да месца навучання і ў адваротным кірунку, то пастанова «савета» зняла гэтыя абмежаванні. Зробленае гэта шляхам паўтарэння ў сваёй пастанове рэдакцыі пункта пастановы савета міністраў аб ільготах, за выключэннем слоў пра паездкі да месца вучобы і ў адваротным кірунку.
У выніку пасля некалькіх месяцаў незаконнага прыпынення ў Смаргоні прадстаўлення льгот навучэнцам яны адноўленыя. Акрамя таго, запрацавала ільгота на бясплатны праезд і ў пазавучэбны час, за выключэннем экспрэс-маршрутаў.


