26 красавiка 2024, Пятніца, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кісляк: Барацьба супраць будаўніцтва завода пад Берасцем выйшла на новы ўзровень

3
Кісляк: Барацьба супраць будаўніцтва завода пад Берасцем выйшла на новы ўзровень

Ініцыятыўная група супраць будаўніцтва акумулятарнага завода атрымала ад уладаў цынічны адказ.

Ініцыятыўная група супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода «АйПаўэр» атрымала адказ на свой зварот у адміністрацыю Лукашэнкі, які быў накіраваны ў канцы лютага, піша «Брестская газета».

На даручэнне савета міністраў была створаная ўрадавая камісія, працу якой каардынавала Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.

Яго кіраўнік міністр Андрэй Худык паведаміў, што органы дзяржкіравання «зробяць усё», каб не было «парушэнняў заканадаўства» пры будаўніцтве і эксплуатацыі акумулятарнага завода. Што тычыцца саміх адказаў на пытанні, паднятых актывістамі, на думку праваабаронцы Рамана Кісляка камісія проста абагульніла адпіскі, якія ініцыятыўная група атрымлівала раней.

«Адказ цынічны! Коратка сутнасць яго ў наступным: ідзіце вы далей з вашай праблемай, усё там добра. Фактычна меркаванне жыхароў Берасцейскага рэгіёна ўрадавая камісія на чале з Міністэрствам прыроды праігнаравала. Яна стала на бок гэтага неахайнага бізнэсу і мясцовых уладаў, якія раней давалі вось гэтыя адказы, а дакладней - адпіскі», - пракаментаваў праваабаронца.

Аднак барацьба супраць будаўніцтва гэтага завода прадаўжаецца. На думку Кісляка, пасля гэтага адказу яна выйшла на новы ўзровень.

«Гэты адказ будзе абскарджаны Лукашэнку. Мы абавязкова пакажам, што ўрадавая камісія стала на бок мясцовых чыноўнікаў. І гэта будзе не зварот, не заява, а менавіта скарга, якую будзе разглядаць адміністрацыя Лукашэнкі. Калі ж яна не задаволіць нашы скаргі, то тады гэтыя і яшчэ шэраг пытанняў мы падымем на міжнародным узроўні», - сказаў на заканчэнне праваабаронца.

6 красавіка ў Берасці аднавіўся збор подпісаў супраць будаўніцтва завода. Сабраныя подпісы разам з амаль 38 тысячамі сабраных раней будуць прыкладзеныя да скаргі.

Нагадаем, з пачатку года ў Берасці і раёне разгарнулася актыўная кампанія супраць будаўніцтва побач з абласным цэнтрам акумулятарнага завода «АйПаўэр». Самыя актыўныя праціўнікі завода ўвайшлі ў ініцыятыўную групу, якая заяўляе пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта будаўніцтва завода АКБ. Менш чым за два месяцы было сабрана амаль 38 тысяч подпісаў жыхароў Берасця і раёна, перададзеных разам са зваротам у адміністрацыю дыктатара.

З сакавіка праціўнікі завода кожную нядзелю выходзілі на плошчу Леніна ў Берасці пакарміць галубоў, каб звярнуць увагу ўладаў і грамадскасці на сітуацыю вакол завода.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках