29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як выглядае менская «двойка», якая заняла пятае месца ў рэйтынгу турыстаў з ЗША

13
Як выглядае менская «двойка», якая заняла пятае месца ў рэйтынгу турыстаў з ЗША

Кватэра вось ужо пяць гадоў здаецца падзённа.

За гэты час у ёй паспелі спыніцца шмат якія турысты з Расеі і Еўропы, а пара амэрыканскіх пенсіянераў, якія падарожнічаюць па ўсім свеце, нават унесла гэтае жыллё ў свой рэйтынг найлепшых апартаментаў, піша citydog.by.

- Найперш мне б хацелася разбурыць міт пра тое, што здаванне кватэр на кароткі тэрмін перашкаджае суседзям, - адзначае Вольга. - За пяць гадоў я не мела ніводнай скаргі на маіх гасцей. Прыязджаюць спакойныя людзі, турысты, якія хочуць проста пазнаёміцца з местам і агледзець славутасці. А калі некалькі гадоў таму было такое «ўкідванне» ў СМІ, што хочуць забараніць падзённую арэнду, мы нават прасілі афіцыйную статыстыку ў МУС - ці часта бываюць выклікі і скаргі на часовых жыхароў. Высветлілася, што ніякай падвышанай небяспекі ад турыстаў няма. Наадварот, бывалі выпадкі, што мае жыхары тэлефанавалі мне позна ўвечары і казалі, што не могуць заснуць праз гучную музыку ў суседзяў. А выклікі часцей за ўсё прыпадаюць на кватэры, дзе жывуць алкаголікі і наркаманы.

Дом, у якім знаходзіцца кватэра Вольгі, размешчаны проста насупраць ГЗЦ Galileo і з'яўляецца помнікам архітэктуры. Ёсць у гэтым свае плюсы - добрая лакацыя ў цэнтры места, высокая столь і старая цэгла, але стае і мінусаў. Напрыклад, жыхары дома не могуць паставіць сабе кандыцыянер, хоць улетку ў доме вельмі горача, і практычна не адчыняюць вокны праз суседства з вакзаламі і хуткае ападанне з гэтай прычыны чорнага пылу і сажы.

- Кватэру я купляла знарок для здавання, - распавядае гаспадыня. - Тут размяшчалася нейкая кантора, і памяшканне было ў вельмі занядбаным стане - і ўсіх гэта задавальняла. А калі я пачала рабіць рэнавацыю, суседзі сталі хадзіць сюды са скаргамі.

Адны збіралі подпісы, што нібыта перапланіроўку ў сваёй жа кватэры я мелася спачатку ўзгадніць з усім пад'ездам. Другія прыйшлі і сказалі, што ў іх праз мяне аселі дзверцы палітураваных шаф - пры тым, што я на другім паверсе, а яны на чацвёртым. Я да іх пайшла, а яны мне паказваюць у спальні нейкую старую шафу 70-х гадоў, якую даўно пара спаліць у двары.

Потым я за свой кошт (але ўжо праз ЖЭС, каб мяне наогул не з'елі) пачала рабіць рэнавацыю ў пад'ездзе - пабялілі і пафарбавалі ўсе да трэцяга паверху, дык суседзі хадзілі скардзіліся, што ім фарбай смярдзіць і колер сцен «нейкі абы-які» . Дзякуй богу, праз нейкі час у нас у доме адкрыўся KFC, і ўсе гэтыя людзі перакінуліся на вайну з ім, а ад мяне адчапіліся.

Дызайнера мы не наймалі, усё рабілі самі. На рэнавацыю пайшло блізу васьмі месяцаў, яшчэ столькі ж - на ўзгадненне перапланіроўкі: руйнаванне неапорнай перагародкі, якая аддзяляла гасцёўню і кухню, і аб'яднанне санітарнага вузла.

На сценах пакінулі гістарычную цэглу, толькі пафарбавалі яе ў белы колер, бо кватэра выйшла больш швэдскага стылю. На вокны я знарок купляла драўляныя шклопакеты, а на падлозе - ўпадабаны ламінат, які выглядае больш як з дамка Маркіза Карабаса.

Кухня - уся з IKEA (і мэбля, і бытавая тэхніка). Жырандоль з дэкарацыйнымі лыжкамі і відэльцамі купілі ў менскай краме «Уют» на вуліцы Казлова, некаторыя дэталі інтэр'еру прывезлі з еўрапейскіх базараў.

- Канапа - «Пінскдрэў», брала яе на мэблевай выставе. Перад ёй на падлозе - што важна - воўк, замоўлены на сайце «Белпошты», - смяецца Вольга. - Замовіла я яго на пачатку снежня, пакет з Менска ў Менск прыйшоў мне ў лютым, а ліст на e-mail, што пакет дайшоў, я атрымала ў траўні.

У кутку стаіць невялічкі камін, які ратуе гасцей у халоднае міжсезонне вымкнутага цэнтральнага ацяплення. Карціну Вольга купіла ў галерэі «Ў», а драўляную птушку беларускага майстра, «якая абдымае ўсіх з парога», - у мастацкай галерэі ў КЗ «Мінск».

- Кнігі я купляла знарок для гэтай кватэры ў «Букінісце». Тут, вядома ж, ёсць даведнік пра Менск, кнігі Быкава і Алексіевіч, ну і класіка 40-х гадоў.

У санвузле - таксама гістарычная цэгла, гішпанская сантэхніка і свяцільні-стрэлкі для дзіцячых пакояў, набытыя усё ў той жа краме «Уют». «Пасцельную бялізну, халаты і ручнікі, дарэчы, мы пяром у прафесійнай пральні, дзе абслугоўваюцца вядучыя гатэлі горада».

У спачывальні ложак Заслаўскай мэблевай фабрыкі, тумбачкі і крэслы IKEA, на падлозе - дывановае пакрыццё на ўсім перыметры пакоя. «Як мне сказаў адзін госць, у нас не кватэра, а логава Чырвонага Каптурка - бо ў гасцёўні на падлозе ляжыць гэты воўк, а ў спальні на крэсле - цацка-воўк, з якога вылазіць бабуля».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках