Беларуска вырасціла памідоры-гіганты
2- 11.08.2026, 21:47
- 2,128
Фотафакт.
У Скідзелі мясцовыя жыхары вырасцілі памідоры-гіганты вагой амаль кілаграм — ураджай гэтага года парадаваў многіх дачнікаў рэкорднымі пладамі.
Сям'я чытачоў Newgrodno.by Яўгенія і Таццяна Анцулевіч сабралі на сваёй дзялянцы памідоры вагой ад 874 да 995 грамаў. Вялікія плады прыцягнулі ўвагу яшчэ на градцы — аднаго такога тамата хопіць на салату для некалькіх чалавек.

Паводле слоў гаспадыні Таццяны Анцулевіч, спецыяльна за рэкордным ураджаем сужэнцы не ганяліся — вырошчвалі памідоры ў адкрытым грунце нароўні з іншымі гатункамі. «Гатунак хакасскі. Патрапіў да нас выпадкова, можна сказаць. Замовіла іншае насенне памідораў, а прадавец даў гэтыя ў нагрузку. Сказаў: паспрабуйце, вам спадабаецца. Не падмануў», — расказала яна.





Для параўнання: на фестывалі «Іўеўскі памідор — 2026», што прайшоў на выхадных у Іўі, праводзілі конкурс на самы буйны тамат, куды прымалі плады вагой ад 500 грамаў. Пераможца конкурсу пацягнуў на 1108 грамаў — таму скідзельскія памідоры цалкам маглі б прэтэндаваць там на месца ў тройцы лідараў.