19 красавiка 2024, Пятніца, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянер: Міліцыянты зламалі мне нагу дзвярыма аўтамабіля!

50
Пенсіянер: Міліцыянты зламалі мне нагу дзвярыма аўтамабіля!
ЯЗЭП ВЫШЭДКА

Сярод дня закінулі ў аўтамабіль, зламалі нагу і абклалі данінай на год.

Гэта не хроніка дзеянняў бандыцкай групоўкі, а гісторыя затрымання міліцыяй беларускага пенсіянера. Такі выпадак жорсткасці людзей у пагонах ужо далёка не першы, паведамляе «Белсат».

«Я цяпер іх уважаю не абаронцамі, а наадварот»

Язэп Вышэдка з вёскі Лазічы Глыбоцкага раёна ледзь стрымлівае слёзы, калі распавядае сваю гісторыю. Летась у лютым, калі Язап ехаў на мотаблоку ў суседнюю вёску па хлеб і лекі, яго спынілі міліцыянты на віцебскім аўто. Сказалі - блішчаць вочы, значыць п'яны, паедзеш з намі на экспэртызу.

«Я кажу - навошта? Я быў сёння ў лякарні, здаваў кроў і ўсё такое. Яны не сталі мяне слухаць, запіхнулі ў аўто. Далі спачатку ў грудзі кулакамі», - успамінае Язэп Вышэдка.

Ад удару Язэп стукнуўся галавой аб дзверы аўтамабіля.

«Ногі ж мае засталіся на вуліцы. Дзвярыма пачалі біць па нагах», - кажа пенсіянер.

У лякарні выявілася, што пенсіянер цвярозы

«Тры разы прадзімаў алкатэстар. Нічога не паказала. Сказалі, пахадзі па дошчачцы. Я прайшоўся. І на гэтым адпусцілі. Але напісалі паперку, сказалі: падпішыся. Я і падпісаў», - распавядае Язэп.

Падпісаў, бо не бачыў без акуляраў. А паперка выявілася пратаколам, дзе пенсіянер прызнаваў, што нібыта ездзіў на іншы бок ад Глыбокага ў бар напіцца.

«І цяпер у яго вылічваюць 78 рублёў штомесяц. І гэты год увесь будуць вылічваць», - кажа жонка Язэпа Наталля.

Далі максімальна - 50 базавых, на сёння 1 225 рублёў. Боль у назе не сціх. Як паказаў рэнтген, дзвярыма машыны міліцыянты зламалі пенсіянеру нагу. Язэп Вышэдка месяц прабыў у гіпсе.

«Я быў разам з ім у лякарні, сядзелі ў чарзе. Ён мне гэтую гісторыю распавёў, і мне стала балюча на душы і на сэрцы. І я наважыў усё расказаць пра гэта, пра гэтых фашыстаў», - кажа сябар пацярпелага Данііл Ермаковіч.

У глыбоцкай міліцыі Язэпу Вышэдку сказалі - гэта віцебскія прыязджалі, мы ім нічога зрабіць не можам. Таксама і адвакат не раіць пенсіянеру абскардзіць штраф, бо там усё дамоўлена, і праўды не даб'ешся.

«Ці то дрэнна ідзе адбор на пасады работнікаў МУС, ці то яшчэ і выхаваўчая праца ідзе дрэнна. Каб міліцыянты былі ўзорам для грамадзян», - мяркуе праваабаронца Павел Левінаў.

Выпадкі міліцэйскага гвалту маюць месца ва ўсёй Беларусі.

У Слоніме міліцыянты затрымалі мужчыну і павезлі на алкагольную экспэртызу - зламалі нагу.

У Рагачове міліцыянты затрымалі мужчыну за адсутнасць флікера і пашпарта - у выніку зламалі рабро.

У Хойніках затрымлівалі п'янага, а выпадковаму сведку, які падышоў заступіцца, сталі ламаць руку на вачах у дзяцей.

У Віцебску міліцыянты прыехалі расследаваць крадзеж, а ў выніку ледзь не задушылі абкрадзенага, інваліда 2-й групы.

Гэта ўсё за апошнія месяцы. Зусім свежыя выпадкі - у Берасці міліцыянты падлетку заламалі рукі і паставілі на калені, бо не меў пры сабе пашпарта. А ў Воршы брутальна затрымалі пенсіянера, які няправільна пераходзіў вуліцу.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках