27 красавiка 2024, Субота, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская пастка для беларускага АПК

22
Расейская пастка для беларускага АПК

Кошты прадуктаў харчавання для беларусаў будуць толькі расці.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц на перамовах з расейскай стараной у Маскве, заявіў, што ў Беларусі ёсць магчымасць паставіць тую колькасць прадуктаў харчавання, якая патрэбная для Расейскай Федэрацыі.

«Ну, а Расейская Федэрацыя, у сваю чаргу, забяспечыць безумоўнае прасоўванне нашай прадукцыі па тэрыторыі расейскага рынку», — упэўнены Леанід Заяц.

Ці дастаткова ў Беларусі сіл, каб забяспечыць Расею патрэбнымі аб'ёмамі харчавання — пра гэта эканаміст Леў Марголін расказаў у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны».

— Ці не занадта самаўпэўненым выглядае заява Леаніда Зайца з нагоды названых ім магчымасцяў Беларусі?

— Гэта пэўнае перабольшанне. Я думаю, калі міністр кажа, што мы гатовыя паставіць столькі, колькі трэба, ён мае на ўвазе, што мы можам выканаць усе запатрабаванні Расеі ў імпарце прадуктаў харчавання. Яны, фактычна, цяпер не так вялікія. Расея адсоткаў на 80 у асноўных групах харчовых прадуктаў закрывае патрэбы уласнай вытворчасцю. А тыя, што засталіся 20%, калі моцна пастарацца, мы, напэўна, зможам забяспечыць пры ўмове, калі ўсе астатнія адмовяцца пастаўляць прадукцыю ці ўвядуць санкцыі. Тады Беларусь у стане гэта кампенсаваць.

— Як такія надзеі могуць спалучацца з бесперапыннымі харчовымі войнамі паміж нашымі краінамі, якія апошнім часам не спыняюцца практычна ні да дзень?

— Беларускае кіраўніцтва цвёрда ўпэўненае, што ўсе гэтыя войны носяць чыста палітычны характар, бо зыходзіць з таго, што нашая прадукцыя не горшая за расейскую. Так, трапляюцца антыбіётыкі ў мясе або малацэ, але і ў расейцаў такое бывае. І калі ў Расеі не будзе іншых варыянтаў, а спатрэбяцца дадатковыя пастаўкі беларускай прадукцыі, то там заплюшчаць вочы на невялікія хібы, а будуць рэагаваць толькі на сур'ёзныя парушэнні.

Аднак Расея паступова нарошчвае ўласную вытворчасць мясной і малочнай прадукцыі, што з'яўляецца асноўным кірункам беларускага экспарту. І тут трэба думаць не пра тое, каб павялічыць экспарт, а пра тое, як бы захаваць тыя аб'ёмы, якія дасягнутыя на сённяшні дзень. Для гэтага давядзецца сур'ёзна папрацаваць над якасцю прадукцыі.

— Але кіраўніцтва Расеі адпрэчвае ўсе палітычныя матывы, заяўляючы, што гэта пытанне, якое тычыцца суб'ектаў гаспадарання.

— Калі гаворка ідзе пра адзін завод, два, тры, то, хутчэй за ўсё, так і ёсць. Але калі абмежаванні накладваюцца на імпарт беларускай прадукцыі на цэлы кластар – гэта значыць, усю малочную прадукцыю, за выключэннем, умоўна кажучы, сухога малака, то тут трэба, вядома, разумець, што дыму без агню не бывае. Калі ўсё нармальна на палітычным фронце, няма ніякай канфрантацыі, на гэта заплюшчваюць вочы.

— Наколькі нам выгадна нарошчваць аб'ём паставак сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею?

— Думаю, што выгадна. Бо любое павелічэнне аб'ёмаў прыводзіць да зніжэння сабекошту. Кожная недагрузка вытворчых магутнасцяў – гэта імгненны рост сабекошту прадукцыі. Калі вытворчасць працуе на поўную магутнасць, а ў нас што малако, што мяса пастаўленыя на прамысловыя рэйкі, гэта нармальна, мы вельмі зацікаўленыя ў поўнай загрузцы вытворчых магутнасцяў.

І з Расеяй пытанні разглядаць лягчэй, чым з Еўразвязам. Хоць мы і кажам, што ў ЕЗ нас не пускаюць, там усё ж больш высокія патрабаванні да ўзроўню вытворчасці.

А вось з Расеяй неяк можна дамовіцца, дамовіцца, нешта вытаргаваць. Расейскі рынак сельскагаспадарчай прадукцыі вельмі важны для Беларусі. Замяніць яго практычна няма чым. Ёсць асобныя вытворцы, якія могуць выходзіць на рынкі трэціх краін, на заходнія рынкі, але гэта, хутчэй, вынятак.

— Чаму беларуская прадукцыя ў расейскіх крамах каштуе танней, чым у айчынных?

— Гэта адбываецца не толькі з нашымі харчовымі таварамі, але часцяком і з прамысловымі. Калі гаворка ідзе аб поўнай загрузцы магутнасцяў, то часам выгадней прадаваць прадукцыю зусім без прыбытку і нават трохі сабе ў страту з тым, каб дабіраць гэты прыбытак на ўнутраным рынку, чым зніжаць аб'ёмы і павялічваць сабекошт і, адпаведна, кошты, бо гэта на ўнутраным рынку таксама адаб’ецца. Так што гэта для нашых вытворцаў звычайная з'ява, калі там прадаецца танней, чым у нас.

У нашых варунках, калі ёсць шмат задач, якія стаяць за межамі рынку – і занятасць насельніцтва, і такая сацыяльная дамова, каб насельніцтва не мела асаблівых прычын для хваляванняў і абурэнняў, — усё гэта часам прымушае гнацца за аб'ёмам вытворчасці на шкоду рэнтабельнасці.

Мінімальная рэнтабельнасць не дае магчымасці развіцця вытворчасці, таму ў нас не толькі вельмі вялікая дзель стратных прадпрыемстваў, але і ўсё большая дзель нізка рэнтабельных прадпрыемстваў. Калі пры ўзроўні інфляцыі нават 5%, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, рэнтабельнасць складае 5-10%, то гэта не дазваляе паспяхова развіваць вытворчасць. А ў нас такіх пераважная большасць, асабліва сярод дзяржаўных прадпрыемстваў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках