Пад Гомелем пахавалі бацьку Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага
3- 9.04.2018, 16:57
- 18,025
Міхаілу Жызнеўскаму было 72 гады.
Развіталіся з Міхаілам Жызнеўскім-старэйшым родныя, грамадскія актывісты і палітыкі. Пахаванне прайшло на могілках каля вёскі Знамя Працы Гомельскага раёна, паведамляе «Радыё Рацыя».
Актывіст Уладзімір Кацора адзначыў, што беларуская грамадскасць не пакідае сям'ю Жызнеўскіх:
- Вядома, што больш за ўсё для сям'і зрабіла ўкраінская дзяржава. Бацькі падтрыманыя матэрыяльна пажыццёвай пенсіяй. Беларуская дзяржава наогул нічога не зрабіла ні на якім узроўні - ні на мясцовым, ні гомельскім, ні на рэспубліканскім. З боку беларускай грамадзянскай супольнасці, вядома, падтрымка была, ёсць і будзе надалей. Што мы таксама назіраем на пахаванні бацькі Міхаіла.
Міхаіла Жызнеўскага-старэйшага не стала 8 красавіка, на свята Вялікдзень. У 2014 годзе ён страціў сына Міхаіла падчас падзей на Майдане ў Кіеве.
