Беларускія плыўцы перамаглі на міжнародным турніры ў Швецыі
- 9.04.2018, 21:55
- 8,553
Ілля Шымановіч і Яўген Цуркін перамаглі на традыцыйным міжнародным турніры ў Стакгольме Swim Open Stockholm.
На дыстанцыі 100 м батэрфляем Яўген Цуркін паказаў вынік 52,37 секунды і заняў першае месца. На дыстанцыі ўдвая карацейшай (50 м батэрфляем) Яўген размясціўся на чацвёртай пазіцыі, а на трэцюю прыступку п'едэстала гонару падняўся іншы беларус - Ягор Додалеў, паведамляе БелТА.
Паспяхова склаліся старты ў Стакгольме для Іллі Шымановіча, які здабыў два медалі. У вырашальным заплыве на 50 м брасам беларус паказаў вынік - 27,31 секунды. Яму ўдалося апярэдзіць літоўца Гедруса Ціценіса, які стаў другім - 27,39 секунды, і бронзавага прызёра Фабіяна Швінгеншлегля (Нямеччына) - 27,58 секунды. На дыстанцыі 100 м брасам Ілля Шымановіч здабыў срэбную ўзнагароду - 1 хвіліна 0,1 секунды. Ён саступіў толькі прызёру Алімпіяды 2016 года Антону Чупкову з Расеі - 59,61 секунды.
У фінале на 200 м брасам Ілля Шымановіч абнавіў рэкорд Беларусі, паказаўшы вынік 2 хвіліны 12,89 секунды, але заняў у выніковым пратаколе шостае месца.
У Стакгольме выступілі яшчэ 13 беларускіх плыўцоў, якія рыхтуюцца да травеньскага чэмпіянату Беларусі ў Брэсце і чэмпіянату Еўропы, які пройдзе з 1 да 12 жніўня ў шатландскім Глазга.