Нікол Пашынян абвясціў татальную забастоўку ў Арменіі
12- 1.05.2018, 20:57
- 18,879
ФОТА З САЙТА NEWS.AM
Лідар пратэстаў у Арменіі заклікаў жыхароў краіны блакаваць дарогі, метро і аэрапорты, пачынаючы з 08.15 серады.
Кандыдат у прэм'ер-міністры Арменіі і лідар апазіцыі Нікол Пашынян абвясціў татальную забастоўку ў краіне ў сераду, 2 траўня. Пра гэта ён сказаў, выступаючы на мітынгу перад прыхільнікамі. Трансляцыю на YouTube вёў партал 1in.am.
Пашынян заклікаў жыхароў краіны блакаваць дарогі, метро і аэрапорты, пачынаючы з 08.15 серады. Ён таксама звярнуўся да армянскіх паліцыянтаў, прапанаваўшы ім «скласці шчыты і далучыцца да пратэсту».
«Заўтра з 08:15 блакуюцца ўсе аўтадарогі, аб'яўляецца татальная забастоўка, блакуецца аэрапорт, чыгунка. Наш рух не можа не скончыцца перамогай. З заўтрашняга дня пачынаюцца татальныя дзеянні грамадзянскага непадпарадкавання», - сказаў Пашынян на шматтысячным мітынгу ў Ерэване.
У аўторак, 1 траўня, у парламенце Арменіі прайшло спецыяльнае пасяджэнне, на якім дэпутаты павінны былі абраць прэм'ера. Апазіцыянеру Пашыняну, адзінаму кандыдату на пасаду, патрабавалася набраць 53 галасы, каб яго зацвердзілі кіраўніком урада.
Тым не менш кіруючая Рэспубліканская партыя, якая прадстаўляе парламенцкую большасць, выступіла супраць яго кандыдатуры. Пашынян набраў толькі 45 галасоў. У выніку парламент не змог абраць прэм'ер-міністра.