Беларус з Віцебска адправіўся ў В'етнам на веласіпедзе
- 10.10.2026, 1:42
Яму трэба будзе праехаць 13 тысяч кіламетраў.
Беларус з Віцебска, якога завуць Дзіма, адправіўся ў В'етнам на веласіпедзе. Заяўленая працягласць падарожжа — каля 13 тыс. км. Пра сваю паездку ён распавядае ў Instagram і Telegram-канале ZDE travel.
«Прывітанне, я Дзіма. І я еду з Беларусі ў В'етнам на веласіпедзе», — прадстаўляецца падарожнік.
Ён адзначае, што выправіўся ў дарогу без «ідэальных умоў і топавай экіпіроўкі». Асноўную частку маршруту беларус праходзіць самастойна і рэгулярна распавядае падпісчыкам, колькі кіламетраў праехаў за дзень, дзе робіць прыпынкі і як шукае месца для начлегу.
Цяпер Дзіма працягвае шлях па Расіі. У адной з апошніх справаздач ён расказаў, што за дзень праехаў 50 км і спыніўся непадалёк ад станіцы Казанскай. Пры гэтым першапачаткова разлічваў пераадолець больш за 70 км, але вырашыў скончыць этап раней і знайсці месца для начлегу да цемнаты.
Наступны этап пачаўся ў хутары Саланцоўскім. Мэтай падарожнік назваў станіцу Каргінскую — адлегласць паміж пунктамі яго маршруту складае каля 72 км. Па дарозе ён робіць прыпынкі для ежы і падзарадкі тэхнікі, а начуе як у намёце, так і ў жыллі, якое ўдаецца знайсці па шляху.
Адна з такіх начовак атрымалася незапланаванай: прыехаўшы ўвечары да месца правядзення кірмашу, Дзіма папрасіў дазволу паставіць намёт, але замест гэтага яму прапанавалі свабодны нумар. Паводле яго слоў, на той момант ён чатыры дні не прымаў душ.