Як віцебскія ўлады штогод выкідваюць грошы на рамонт адных і тых жа аб'ектаў
5- 13.05.2018, 17:47
- 12,586
Усё пра рамонт дарог у Віцебску.
У Віцебску звон звоніць па грошах, выкінутых на штогадовыя рамонты - адных і тых жа дарог і аб'ектаў.
Лесвіца на Успенскую гару, пабудаваная ў 2010. Ужо праз год тут з'явілася расколіна. Праз два - адвалілася тынкоўка. Пазней - плітка. Цяпер аздабленне ў адным з галоўных турыстычных месцаў горада рамантуюць штогод, паведамляе «Белсат».
Тая ж сітуацыя з віцебскімі дарогамі.
«Напэўна, ёсць нейкая сувязь паміж уладальнікамі таго завода, які вырабляе гэтую плітку, і сталымі ўжо месцамі рамонту дарог, дзе кладзецца гэтая плітка. Нават там, дзе добры асфальт, дзе яшчэ добрыя дарогі, усё адно ён здымаецца, і кладуць плітку. Праз год гэтая плітка крышыцца», - кажа Таццяна Севярынец з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
За два кіламетры ад цэнтра Віцебска журналісты назіраюць іншую сітуацыю. Разруха тая ж, але замест асфальту або пліткі - ямы, лужыны і нават цэгла.
«Усё жыццё ў такіх умовах жывем. На вуліцы Горкага крыху паклалі асфальт. І ўсё, больш нічога. Нам хутка туды ісці (паказвае на зямлю, - заўв.) - навошта нам асфальт?», - кажа мясцовы жыхар.
Відавочна, на гэтыя віцебскія вуліцы госці Славянскага базару не зазіралі. Таму і выдаткоўваць грошы на гэта чыноўнікі не спяшаюцца.
«Хай улады падумаюць, што трэба ўсё ж не толькі цэнтр рамантаваць і прыводзіць у парадак. Але і іншыя вуліцы, дзе жывуць людзі», - кажа жыхар Віцебска.
Але на гэта няма грошай. Прынамсі, гэта вынікае з адказаў чыноўнікаў.
«Жыхары прыватнага сектара 5-й камунальнай разам з віцебскімі актывістамі БХД збіралі подпісы пад зваротам у гарвыканкам і гарадскі савет дэпутатаў», - кажа грамадская актывістка Алена Шабуня.
Беларусы прасілі заасфальтаваць вуліцы Віцебскую, Зялёную, Рыжскую, Кіеўскую, Шырокую, Смятаніна і 43-га войска. Аднак, атрымалі адмову. З цытаты намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкаму Сяргея Салгаева, «у сувязі з дэфіцытам фінансавых сродкаў у дзяржаўным бюджэце».