26 красавiка 2024, Пятніца, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бессэнсоўны і незаконны пераслед»: Мураўёў выступіў з апошнім словам

39
«Бессэнсоўны і незаконны пераслед»: Мураўёў выступіў з апошнім словам
АЛЯКСАНДР МУРАЎЁЎ
ФОТА: Дар'я БУРАКІНА, TUT.BY

Усякі вырак суда, за выключэннем апраўдальнага прысуду, экс-уладальнік «Мотавела» назваў незаконным.

Пра гэта заявіў бізнэсовец Аляксандр Мураўёў у выступе 15 траўня з апошнім словам у судзе Ленінскага раёна Менска, паведамляе tut.by.

Мураўёў сцвярджае, што сем аўстрыйскіх кампаній, дырэктарам ці прадстаўніком якіх у Беларусі ён з'яўляўся, інвеставалі ў краіну ў 2002-2015 гадах 100 млн даляраў. 200 млн даляраў склаў «кошт рэалізаваных інвестыцыйных праектаў у Беларусі гэтымі аўстрыйскімі кампаніямі з удзелам банкаў Аўстрыі, Латвіі, Расеі і Беларусі. У разы павысілася эфектыўнасць прадпрыемстваў Беларусі: шклозавода «Ялізава», «РасінтэхГруп», «Мотавела» і іншых. Больш за 1 млрд даляраў склаў аб'ём вытворчасці і рэалізацыі на беларускіх прадпрыемствах у 2002-2015 гадах. 3 тысячы чалавек цягам 13 гадоў былі забяспечаныя працай. «Дзяржава атрымала сотні мільёнаў даляраў у выглядзе падаткаў і выгод ад дзелавой інвестыцыйнай актыўнасці, ад сацыяльна-эканамічнага эфекту ва ўсіх яго формах: заробак, спорт, падтрымка інвалідаў, ветэранаў», - канстатаваў ён.

Бізнэсовец, якога арыштавалі 1 чэрвеня 2015 года, мяркуе, што ён «зазнаў бессэнсоўны і незаконны крымінальны пераслед». «У гэтым судовым працэсе, які сам па сабе заснаваны не на законе, мае законныя правы на абарону парушаныя дзясяткі разоў. Я пазбаўлены права падаць суду довады сваёй невінаватасці. Я пазбаўлены права выставіць суду довады, якія аспрэчваюць абвінавачванне. Суд ні разу не адрэагаваў на звесткі і інфармацыю аб учыненых злачынствах органам, які вядзе крымінальны працэс», - заявіў Мураўёў.

Ён назваў дзеянні органа, які вядзе крымінальны працэс, «пазбаўленымі ўсякай логікі», якія выступаюць супраць «інтарэсаў грамадства і дзяржавы». У ліку пацярпелых - ягоная сям'я, дзеці, састарэлыя бацькі і браты, якія пацярпелі «толькі таму, што яны мае браты». «Беларусы страцілі блізу 2 тысяч працоўных месцаў. Прадпрыемствы спыненыя, збанкрутаваныя і дэградаваныя. Банкі страцілі дзясяткі мільёнаў даляраў. Дзяржава страціла дзясяткі мільёнаў даляраў», - сказаў Мураўёў. «Сем кампаній Аўстрыі інвеставалі 100 мільёнаў даляраў у 2002-2015 гадах і панеслі страты ў Беларусі. З улікам сярэднерыначнага адсотку капіталізацыі, а асноўныя інвестыцыі былі ў 2002-2008 гадах, на ўзроўні, ніжэйшым за крэдыты і дэпазіты беларускіх банкаў, гэта складае больш за 300 мільёнаў даляраў на травень 2018 года», - дадаў ён. Бізнэсовец падкрэсліў, што «маштаб і дакладнасць прыведзеных ім лічбаў, ступень акруглення і абагульнення дастаткова дакладная для такога моманту, як апошняе слова ў судзе».

Аляксандр Мураўёў мяркуе, што «гэта высокі цэннік» за тое, што судзяць яго, «дырэктара аўстрыйскіх кампаній, які пражывае ў Аўстрыі ды атрымлівае даходы і з’яўляецца падаткааплатнікам у Аўстрыі, падатковага нерэзідэнта Беларусі». «10 тысяч даляраў аўстрыйская кампанія ATEC Trading заплаціла падаткаў у бюджэт Аўстрыі. Орган крымінальнага пераследу Беларусі мяркуе, што справядліва, калі гэтыя 10 тысяч даляраў, магчыма менш, павінны паступіць ад чатырох беларускіх прадпрыемстваў у бюджэт Беларусі», - сказаў Мураўёў. «Сем аўстрыйскіх кампаній за 10 тысяч даляраў падаткаў, нібыта пераплачаных у Аўстрыі і нібыта нявыплачаных беларускімі прадпрыемствамі ў Беларусі, губляюць у Беларусі 300 мільёнаў даляраў. За «дзясятку»? Дык у мяне гадзіннік на руцэ даражэй каштуе», - дадаў ён.

Бізнэсовец абвінавачваецца паводле арт.243 ч.2 - ухіленне ад выплаты падаткаў ад чатырох беларускіх прадпрыемстваў (ЗАТ «Мотавела Інтэр», СЗАТ «Веласіпедная кампанія МВЗ», СЗАТ «Матацыклетная кампанія Мінск-Мота», ЗАТ «МВЗ Тэхна») і іх угодах з аўстрыйскай ATEC. Дзяржабвінаваўца ацаніў шкоду ад недаплаты чатырма кампаніямі падатку на прыбытак у суме 351,603 тысячы рублёў. Усе ўгоды паміж ATEC і беларускімі кампаніямі прызнаныя фіктыўнымі паводле сумна вядомага ўказа №488 у барацьбе з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі.

Дзяржабвінаваўца запытаў для Аляксандра Мураўёва 3 гады пазбаўлення волі.

Як раней паведамлялася, на пытанне аб прызнанні віны Мураўёў адказаў, што прызнае ўсе свае фактычныя дзеянні і цалкам чыстасардэчна ў іх раскайваецца. Пры гэтым ён удакладніў, што яму не да канца зразумелы сэнс абвінавачвання і трактоўка паняцця «асоба, якая ажыццяўляе фактычнае кіраўніцтва».

Трэба сказаць, што ў студзені 2017 года Аляксандр Мураўёў ужо выступаў з апошнім словам у рамках першай крымінальнай справы. У выніку яго прысудзілі да 11 гадоў калоніі (пракурор прасіў 12) і канфіскацыі маёмасці - у тым ліку акцый «Мотавела». Ён быў прызнаны вінаватым паводле ўсіх складаў злачынстваў, якія яму ставіліся ў віну: «Махлярства» (ч.4 арт.209 КК РБ), «Крадзеж» (ч.4 арт.210), «Ухіленне ад выплаты падаткаў» (ч.2 арт.243), «Арганізацыя і дапамаганне ва ўчыненні злачынстваў» (арт.16).

Суд абвесціць прысуд паводле другой справы Мураўёва 30 траўня.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках