26 красавiка 2024, Пятніца, 8:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аршанцa, які зладзіў адзіночны пікет, ананімна абвінавацілі ў абразе чыноўнікаў

13
Аршанцa, які зладзіў адзіночны пікет, ананімна абвінавацілі ў абразе чыноўнікаў

Рамана Кузьмянкова абвінавачваюць на падставе «ананімкі».

У кватэры 28-гадовага Рамана Кузьмянкова правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку і дапыталі ў следчым камітэце, навошта ён піша зварот у райвыканкам, крытыкуючы мясцовыя ўлады.

Жыхара Воршы выклікалі ў следчы камітэт на падставе «ананімкі».

Раман Кузьмянкоў распавёў «Свабодзе», што ўвечары 15 траўня двое міліцыянтаў забралі ў яго кампутар, непрацоўны прынтар, флэшку і здымны дыск.

«Міліцыянты паказалі пастанову на агляд кватэры, дзе падстава для ператрусу - нібыта тое, што я абразіў некага з аршанскіх чыноўнікаў. Супрацоўнікі назвалі сябе, паклікалі сведак - маіх суседзяў. Але не пакінулі ніякіх папер, што забралі аргтэхніку. Я нават не запомніў прозвішчы, бо спадзяваўся атрымаць на рукі дакумент, дзе яны будуць запісаныя. Або копію. Але мне нічога не далі. Я пра гэта распавёў сёння ў следчым камітэце, куды мяне выклікалі на размову», - распавёў Раман.

Са cлоў Кузьмянкова, у следчым камітэце яму сказалі, што праводзяць праверку паводле ананімнага звароту: маўляў нехта паведаміў у міліцыю, што ён абражае чыноўнікаў. Але каго канкрэтна і якім чынам - невядома, падкрэслівае Кузьмянкоў.

«Я некалькі разоў звяртаўся ў аршанскі райвыканкам праз спецыяльную форму на сайце. Паведамляў пра праблемы на прадпрыемствах, пра хібы ў рабоце камунальных службаў. Заўсёды ўважліва перачытваў, што пішу, і абсалютна не меў на мэце абразіць кагосьці асабіста.

Мае звароты я бачыў раздрукаваныя ў следчага, але мне іх не паказвалі. Нібыта ў гэтых паведамленнях і ёсць абразы ад майго імя», - сказаў Раман Кузьмянкоў.

Апошні раз ён напісаў у форме для зваротаў, што збіраецца зладзіць адзіночны пікет на знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў. Пікет адбыўся 14 траўня. Кузьмянкова затрымалі і ў той жа дзень адвезлі ў суд. Суддзя Юлія Хаткевіч аштрафавала яго на 490 рублёў (20 базавых адзінак).

У жыхара Дуброўны таксама забралі аргтэхніку, бо ён нібыта абразіў пракурора.

Такая ж гісторыя здарылася з Міхаілам Чамуракам, жыхаром Дуброўны - суседняга з Воршай райцэнтра. 4 траўня ў яго доме правялі ператрус і канфіскавалі працэсар ад стацыянарнага кампутара і ноўтбук, які належыць ягонай маці-пенсіянерцы.

У гэтым ноўтбуку захавана ўся інфармацыя, неабходная для прадпрымальніцкай дзейнасці, але гэта нікога не спыніла, кажа Міхаіл.

«Мне заявілі, што вядзецца праверка наконт заяве, быццам я абразіў пракурора раёна ў «Одноклассниках». Дык прычым тады кампутар, калі ўсё відаць у сацыяльнай сетцы? Але ўсё ж забралі. Пасля мяне ператрус правялі і ў доме маёй маці. Яна інвалід 2-й групы, расхвалявалася, падняўся ціск, пакуль у яе нешта шукалі па шафах, на кухні, пільна разглядалі пралку. У выніку забралі некалькі дыскаў з сямейным фотаархівам», - распавёў Дубровенскі актывіст.

Абодва ператрусы - у Воршы і ў Дуброўне - аб'ядноўвае адна акалічнасць: у парушэнне заканадаўства, міліцыянты не пакінулі дакументаў аб канфіскаваных рэчах.

Былая настаўніца Святлана Дзмітрыеўна Чамурака кажа, што напісала заяву на імя начальніка Дубровенскага РАУС:

«Напісала, што ноўтбук практычна скралі - у мяне ж довадаў няма, што яго забралі падчас ператрусу ў сына. Мне адказалі, што ноўтбук накіравалі ў Віцебск, і цяпер яго лёс будзе вызначаць абласная ўправа МУС».

Аршанец Раман Кузьмянкоў таксама збіраецца патрабаваць афіцыйных дакументаў на канфіскаваныя рэчы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках