26 красавiка 2024, Пятніца, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Столінскай лякарні пацыентка памерла пасля ін'екцыі антыбіётыка

14
У Столінскай лякарні пацыентка памерла пасля ін'екцыі антыбіётыка
Сняжана Шпакоўская

У Сняжаны Шпакоўскай засталося трое дзяцей.

45-гадовая Сняжана Шпакоўская была шпіталізавана 18 траўня на гінекалагічную аперацыю ў Столінскую лякарню. Аперацыя прайшла паспяхова. Але потым здарылася бяда, піша Nn.by.

У Сняжаны Шпакоўскай было трое дзяцей.

«Там нічога сур'ёзнага не было. Маленькая аперацыя - выдалілі паліп і ўсё, - кажуць сваякі Сняжаны. - Потым таксама ўсё было добра. У пятніцу ўвечары яна патэлефанавала дачцэ ў Маскву, сказала, што ідзе на ўкол. І ўсё».

Пасля ін'екцыі жанчыне стала дрэнна, распавядаюць сваякі. Яна пайшла ў прыбіральню, думала, што яе ванітуе. Аднак там пачала задыхацца, закрычала, пачала клікаць на дапамогу. Прыбег персанал лякарні, Сняжану павезлі ў рэанімацыю.

Яна патрапіла ў кому, з якой так і не выйшла, кажуць сваякі. Лекары ратавалі Сняжану ўсю ноч, некалькі разоў у жанчыны спынялася сэрца, яго заводзілі зноўку. Але раніцай 19 траўня, у суботу, Шпакоўская памерла.

Паводле інфармацыі журналістаў жанчыне калолі антыбіётык цэфтрыаксон.

«Сняжана была жанчынай-жыўчыкам. Поўная энэргіі і вельмі здаровая. Акрамя як да стаматолагаў, да лекараў не хадзіла, ніколі ні на што не хварэла, - расказваюць сваякі Шпакоўскай. - Але яна была вельмі праблемным алергікам. Пра гэта яна ўсім казала ўвесь час, і ў медкарце ў яе быў запіс. Лекары пра алергію павінны былі ведаць».

Дарэчы, у пераліку рэакцый, якія можа выклікаць цэфтрыяксон, - як раз такі анафілактычны шок.

Але Пётр Пашкевіч, галоўны лекар столінскай лякарні, запэўнівае - у медыцынскіх дакументах Шпакоўскай не было інфармацыі аб тым, што ў жанчыны маецца алергія на якія-небудзь лекі.

«Пакуль высновы рабіць рана. У нас увесь дзень 19 траўня была камісія Міністэрства аховы здароўя. Пытанне будзе яшчэ разглядацца, хутчэй за ўсё, нават у міністра. Але ў медыцынскай дакументацыі Шпакоўскай пра алергію на медпрэпараты нічога не было, - распавёў Пашкевіч. - У прынцыпе, усякі прэпарат можа выклікаць алергічную рэакцыю, але гэта, хутчэй, залежыць ад асаблівасцяў арганізма, чым ад прэпарата».

У сваю чаргу Аляксей, муж Шпакоўскай кажа, што калісьці Сняжана ўводзіла іх унуку цэфтрыяксон. І ад кантакту скуры з прэпаратам у яе адразу пачалася рэакцыя - твар пайшоў чырвонымі плямамі.

«Невядома, ці спыталі ў яе пра алергію і праблемы з медыкаментамі. Ці папярэдзілі лекары, што ёй будуць калоць гэты цэфтрыяксон? Яна б абавязкова сказала, што могуць быць праблемы», - упэўнены Аляксей.

«Адзінае, што пакуль магу заявіць, гэта тое, што лекар спрабаваў якасна надаць медыцынскую дапамогу», - кажа Пётр Пашкевіч.

Далейшыя высновы будуць зробленыя камісіямі, экспэртызай і следчымі. Муж Сняжаны ўжо падаў заяву ў Следчы камітэт, у лякарні канфіскаваная дакументацыя.

«Але я не хачу, каб кагосьці пасадзілі. Хачу, каб у будучыні такога больш не здаралася. Хай глядзяць і думаюць пра наступствы... - кажа Аляксей. - Хачу, каб трохі мазгамі думалі».

Сняжану Шпакоўскую пахавалі ўдзень 21 траўня. У яе засталося трое дарослых дзяцей і шасцёра ўнукаў.

Адзначым, што ўскладненні пасля выкарыстання цэфтрыяксона здараліся і летась.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках