24 чэрвеня 2018, Нядзеля, 23:28
Рубрыкі

Cуд пакінуў у дзеянні прысуд Галіне Смірновай за Дзень Волі

2
Галіна Смірнова

Бабруйскую актывістку прэвентыўна затрымалі напярэдадні 25 сакавіка.

Галіна Смірнова, лідарка бабруйскай суполкі прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) накіроўвала ў суд г. Бабруйска і Бабруйскага раёна скаргу на капітана міліцыі Козырава, які аштрафаваў яе за парушэнне п.17.2 Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь (пераход праезнай часткі ва ўстаноўленым месцы), піша «Бобруйский курьер».

Галіну Смірнову затрымалі ўначы 24 сакавіка ў двары каля яе пад'езда. Яе абвінавацілі ў пераходзе вуліцы не па пешаходным пераходзе і ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Актывістка правяла тры дні ў ІЧУ.

Прафсаюзны лідар сцвярджае, што ўся гэтая справа ў дачыненні да яе цалкам сфабрыкаваная, а ў ізалятар яе адправілі, каб яна не змагла паехаць у Менск 25 сакавіка на святкаванне Дня волі і 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Супрацоўнікі ДАІ ў пратаколе сцвярджаюць, што затрымалі яе а 23.55 23 сакавіка пры пераходзе вуліцы Маскоўскай ля дома №31. Пры разглядзе скаргі Смірнова спрабавала звярнуць увагу суда на тое, што дом №31 знаходзіцца праз дарогу ад яе дома, што гэты дом - нежылы, там няма прыпынкаў грамадскага транспарту, і наогул - няма ніводнай прычыны, паводле якой бы ёй спатрэбілася ўначы туды ісці.

У паказаны супрацоўнікамі ДАІ час яна разам з сяброўкамі вярталася дадому са святкавання юбілею БНР у офісе АГП.

Таксоўка спынілася каля дома №71 на вул. Урыцкага, адкуль актывістка і пайшла дадому.

Галіна Смірнова падкрэслівала таксама ў судзе, што пры затрыманні былі парушаныя ўсе яе правы - ёй не далі патэлефанаваць мужу, паведаміць бацьку-інваліду, што яна не зможа да яго прыехаць, не дазволілі звязацца з адвакатам.

Разгледзеўшы скаргу актывісткі, суд г.Бабруйска і Бабруйскага раёна пастанавіў пакінуць у дзеянні пастанову пра штраф сумай у адну базавую адзінку. Прадстаўнік ДАІ на слуханне не з'явіўся.

Разам з Галінай Смірновай паводле такога ж абвінавачвання ў той жа дзень, 24 сакавіка, затрымалі актывістку БХД Таісію Кабанчук. Яна таксама правяла ў ІЧУ тры ночы за пераход вуліцы ў неналежным месцы і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і атрымала паводле гэтых артыкулаў штрафы.