Надвор'е ў Гомелі пабіла паўвекавы тэмпературны рэкорд
2- 6.05.2018, 12:26
- 8,880
Паветра ў абласным цэнтры прагрэлася да 30,1 градуса.
Надвор'е ў Беларусі вярнулася ў кліматычную норму, толькі Гомель адзначыўся 5 траўня новым тэмпературным рэкордам, паведамілі БелТА ў Рэспубліканскім цэнтры гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«На большай частцы краіны стала прыкметна халадней. Калі 4 траўня ў Менску тэмпература дасягнула анамальных 30 градусаў цяпла, то ўжо 5 траўня вярнулася ў норму - апусцілася да 20 градусаў. Толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі яшчэ захоўваліся рэкордна высокія тэмпературы. Напрыклад, у Гомелі было 30,1 градуса. Папярэдні тэмпературны рэкорд у гэтым абласным цэнтры - 26,6 градуса - трымаўся з 1970 года», - распавялі ў Гідрамеце.
Паводле прагнозаў сіноптыкаў, сёння ў Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў, толькі ў асобных раёнах на паўднёвым усходзе краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы.
Вецер будзе паўночны, уначы слабы, удзень умераны. Тэмпература паветра ўдзень складзе 15-20 градусаў вышэй за нуль, на поўдні краіны паветра прагрэецца да 22 градусаў. У Менску прагназуецца невялікая воблачнасць, без ападкаў. Вецер будзе паўночны, умераны. Тэмпература паветра прагрэецца да плюс 16-18 градусаў.