У Берасці клубніцы прадаюць па 1,5 рубля, а нарыхтоўшчыкі прымаюць па 50 капеек
6- 10.06.2018, 20:20
- 19,188
На берасцейскім рынку «Цэнтральны» велізарная канкурэнцыя сярод гандляроў клубніцамі.
На берасцейскім цэнтральным рынку клубніцы прадаюць коштам ад 1,5 да 5 рублёў, піша «Брестская газета».
Карэспандэнт прайшла па гандлёвых шэрагах і даведалася, што клубніцы, якімі ў той дзень тут гандлявалі, прывезеныя з Берасцейскага, Камянецкага, Маларыцкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Драгічынскага, Іванаўскага раёнаў.

Берасцейка Вольга распавяла, што родам яна з клубнічнай сталіцы Беларусі - в. Дварэц Лунінецкага раёна. З ейных слоў, салодкая ягада ў іх займае ўчастак блізу 20 сотак. За дзень з яго збіраюць блізу 270 кілаграмаў клубніц. Каб сабраць спелую ягаду, штодня трэба ўставаць а 4 гадзіны раніцы.

«Закупачны кошт на дробнааптовым рынку, дзе ў насельніцтва скупляюць клубніцу нарыхтоўшчыкі і перакупшчыкі, змяняецца ледзь не кожны дзень, - распавяла Вольга. - Сёння (6 чэрвеня) за кілаграм даюць 1,5 рубля, а былі дні, калі за буйную ягаду прапаноўвалі не болей рубля. За тую, што драбнейшая, - 50 капеек. Залежыць кошт і ад надвор'я, калі ночы халодныя, ягад спее менш, кошт за кілаграм, адпаведна, падымаецца».

Праз тое, што перакупшчыкі пастаянна збіваюць кошты, Вольга выказала сумнеў, што ў гэтым сезоне, нягледзячы на добры ўраджай клубніц, на ёй атрымаецца зарабіць.
